Ёлачныя базары адкрыюцца ў Мінску 22 снежня, паведаміла начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава.

«Ёлачныя базары будуць працаваць у сталіцы з 22 па 31 снежня. Цяпер гандлёвыя арганізацыі Мінска заключаюць дагаворы з ляснымі гаспадаркамі рэспублікі на пастаўку натуральных елак для продажу на ёлачных базарах», — расказала суразмоўца.

Усяго запланавана атрымаць каля 30 тыс. натуральных елак, што дасць магчымасць поўнасцю задаволіць попыт пакупнікоў, адзначыла Ніна Емяльянава. Плануецца, што ў розніцу цана елак складзе: вышынёй да 1 м — ад Br70 тыс. да Br140 тыс., да 2 м — ад Br80 тыс. да Br180 тыс., да 3 м — ад Br90 тыс. да Br220 тыс.

«Сімвал свята — навагодняе дрэва — пакуль можна набыць штучнае, а да Раства традыцыйна на ёлачных базарах пакупнікам будуць прапанаваны жывыя елкі рознай вышыні. Дарэчы, набыць елку у кадках ужо можна ў фірменным магазіне Цэнтральнага батанічнага саду, кошт елкі вышынёй да 1,2 м складае Br650 тыс., вышэйшай за 1,2 м — Br850 тыс.», — удакладніла кіраўнік профільнага ўпраўлення мэрыі.

Разам з тым, паводле яе слоў, у жыхароў сталіцы атрымліваюць усё большую папулярнасць штучныя навагоднія дрэвы, якія не патрабуюць спецыяльнага догляду, маюць эстэтычны выгляд і доўгі тэрмін службы. Акрамя таго пакупнікам прапануюцца дэкарыраваныя елкі. «Калі ў мінулым годзе пакупнікам прапаноўвалася 30-40 відаў, то ў бягучым — звыш 100 відаў елак са штучных матэрыялаў, у тым ліку дэкарыраваныя, вышынёй ад 30 см да 5 м па рознічных цэнах ад Br53 тыс. да Br5 млн. З іх каля 40 відаў — айчыннай вытворчасці», — заўважыла Ніна Емяльянава.

Акрамя таго, гандлёвыя арганізацыі Мінска ў спецыялізаваных аддзелах рэалізуюць больш за 3 тыс. разнавіднасцей ёлачных упрыгажэнняў, сувеніраў і іншай святочнай атрыбутыкі ў шырокім цэнавым дыяпазоне. Сімвал 2016 года — малпа. Сувеніры з сімвалам года выраблены з розных матэрыялаў: ад мякка набіўных да вырабаў са шкла, керамікі, пластмасы, тэкстылю, дрэва ў розных формах (ад магнітаў да мякка набіўной цацкі). Набыць такія сувеніры можна па цане ад Br15 тыс. да Br450 тыс. З айчынных навінак сезона: вянок і хвойная штучная елка «Піраміда» вышынёй 1,5 м.

Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама таксама дадала, што ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод» вырабіла фігуркі з выявай сімвала года «Малпачка» трох відаў (па цане Br57,7 тыс.), а таксама кубкі з навагодняй тэматыкай (па цане Br16 тыс.), ВРУП «Барысаўскі крыштальны завод» — дэкаратыўны выраб з крышталя «Малпачка» (па цане Br67 тыс.).

Для ранішнікаў і дзіцячых забаўляльных праграм пакупнікам прапануецца больш за 80 відаў карнавальных касцюмаў айчыннай вытворчасці па цэнах ад Br91,3 тыс. да Br307 тыс., а таксама касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі ад Br771,7 тыс. да Br1,2 млн.

Акрамя таго, прамысловыя прадпрыемствы рэспублікі вырабілі і адправілі для рэалізацыі шырокі асартымент прыгожых дзіцячых сукенак (вытворчасць ЗАТ «Калінка», ААТ «Надзея»), тэкстыльных вырабаў — ручнікоў, сурвэтак, кухонных набораў, абрусаў і тканін з навагодняй тэматыкай для сервіроўкі святочнага стала (РУВГП «Аршанскі льнокамбінат», ААТ «Баранавіцкае ВБА», ААТ «Рэчыцкі тэкстыль», ААТ «Стужка»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0