Расія заявіла ваеннаму аташэ Турцыі афіцыйны пратэст у сувязі з атакай турэцкіх знішчальнікаў на расійскі бамбавік Су-24, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на прэс-службу Мінабароны РФ.

«У Міністэрства абароны РФ быў тэрмінова выкліканы аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве Турэцкай Рэспублікі ў Расіі, якому быў заяўлены афіцыйны пратэст адносна дзеянняў ВПС Турцыі», — сказалі ў ведамстве.

«У цяперашні час Мінабароны Расіі распрацоўвае комплекс мерапрыемстваў па рэагаванні на падобныя інцыдэнты», — сказалі ў міністэрстве і дадалі, што баявыя дзеянні супраць тэрарыстаў у Сірыі будуць працягнутыя.

Тым часам Турцыя звярнулася ў Раду Бяспекі ААН у сувязі з інцыдэнтам са збітым расійскім ваенным самалётам. Пра гэта, па паведамленнях інфармагенцтваў, заявіў брытанскі дыпламат Мэцью Райкрафт, старшыня ў РБ у лістападзе. Паводле яго слоў, ліст, атрыманы ад Анкары, «паведамляе пра сам факт, але не заклікае да канкрэтных дзеянняў». Як паведаміў Райкрафт, на дадзены момант ні адзін з сяброў Рады Бяспекі не прасіў склікаць сустрэчу ў сувязі з інцыдэнтам.

«Мы вельмі занепакоеныя інцыдэнтам са збітым расійскім знішчальнікам», — сказаў Райкрафт, адзначыўшы, што брытанскі бок знаходзіцца на сувязі з РФ і Турцыяй. «Важна, каб мы вынеслі ўрокі адносна неабходнасці скарачэння пагрозы канфліктнай сітуацыі. Я заклікаю ўсе бакі дамагацца зніжэння напружанасці», — падкрэсліў дыпламат. Ён адзначыў, што Лондан падтрымлівае права Турцыі абараняць сваю паветраную прастору.

У сваю чаргу пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Віталь Чуркін адзначыў, што пакуль не ведае, ці будзе Расія склікаць Раду Бяспекі. У сакратарыяце ААН на дадзены момант устрымліваюцца ад каментароў з нагоды інцыдэнту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?