На сёння беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы ёсць аж у 55 краінах свету.

Не ўсе краіны Еўрасаюза могуць дазволіць сабе такую колькасць амбасадаў. Напрыклад, зусім нядаўна была інфа, што Аўстрыя зачыняе пасольствы ў краінах Балтыі з мэтай эканоміі.

Толькі за апошні час адкрыліся пасольствы Беларусі ў Аўстраліі, Пакістане, Эстоніі, Манголіі, Эквадоры. З закрытых — Лівія (пасля падзення рэжыму Муамара Кадафі) і Швецыя (пасля інцыдэнту з медзведзіроўшчыкам).

«НН» вырашыла глянуць, хто ж узначальвае беларускія пасольствы за мяжой, а таксама якія людзі там працуюць.

Расія

Абы-каго працаваць у Маскву не адправяць. Лукашэнка некалі называў пасольства ў Расіі «невялікім урадам на выездзе». У розны час пасламі Беларусі ў Расіі працавалі былыя старшыні Віцебскага і Брэсцкага аблвыканкамаў Уладзімір Грыгор’еў і Васіль Даўгалёў. Перадапошнім прадстаўніком Беларусі ў Маскве быў цяперашні прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў (ён там нарадзіўся, але з малых гадоў жыў у Беларусі).

Імя сённяшняга пасла не надта раскручанае медыя. 50-гадовы ўраджэнец вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна Ігар Петрышэнка — прафесійны вайсковец, які высокіх пасадаў унутры Беларусі ніколі і не займаў, хоць у дзяржаўным апараце знаходзіцца ад першых гадоў кіравання Лукашэнкі (1996).

Вядома, што міждзяржаўныя пытанні паміж Беларуссю і Расіяй вырашаюцца зусім не на ўзроўні пасла. У непасрэдныя абавязкі Петрышэнкі ўваходзіць развіццё гандлю з расійскай правінцыяй. Нярэдкі ён госць і на культурных мерапрыемствах, а таксама з’ездах беларускіх дыяспар.

Год таму спадар Петрышэнка ўсплыў у не самай прыемнай гісторыі. Машына пасла трапіла ў ДТЗ у Смаленскай вобласці, у выніку якога загінулі дзве жанчыны. Сам дыпламат не пацярпеў.

Францыя

Самы неардынарны прадстаўнік беларускага дыпламатычнага корпусу.

Лукашэнка папракаў Паўла Латушку, што той не хоча прадаваць трактары, фота часопіса «Большой»

Лукашэнка папракаў Паўла Латушку, што той не хоча прадаваць трактары, фота часопіса «Большой»

Увогуле займеннік «самы» добра пасуе Паўлу Латушку. Некалі ён быў самым маладым міністрам і самым беларускамоўным. Латушка быў сярод студэнтаў «першай беларускай плыні» на гістфаку БДУ. Ён падкрэслена карыстаўся беларускай мовай на пасадзе прэс-сакратара МЗС. Польскія калегі кажуць, што больш яркага пасла Беларусі ў Варшаве, чым Латушка, не было.

Варта адзначыць, што калегі па міністэрстве Паўла Латушку недалюбліваюць.

У час працы міністрам культуры Латушка прасунуў дзяржпраграму «Замкі Беларусі», якая прадугледжвала рэканструкцыю і адбудову старых замкаў. Зусім нядаўна гэтую праграму ціхенька згарнулі.

У час знаходжання ў Францыі Латушка запомніўся фразай, што наша тэхніка ламаецца на паказах, ключ да дзверцаў машын не падыходзіць. «То які давер можа быць да такой тэхнікі», — сказаў ён. Зусім хутка на гэта адрэагаваў Лукашэнка. «Не хочуць працаваць, а толькі карціны на сцены развешваць», — жорстка прайшоўся па Латушку, тым не менш, у Беларусь не адклікаў.

Дарэчы, сярод супрацоўнікаў пасольства зноў значыцца Андрэй Сухарэнка, сын колішняга кіраўніка КДБ Сцяпана. Ён вярнуўся пасля невялікай паўзы на месца праўстаўніка Беларусі ў офісе Рады Еўропы ў Страсбургу.

Польшча

Цікава, што сайт пасольства Беларусі ў Польшчы — адзін з нямногіх, які не мае расейскай версіі. Толькі беларускую і польскую. Тамтэйшае прадстаўніцтва ўзначальвае Аляксандр Авяр’янаў. Яму 60 гадоў, родам з Калінінграда. У савецкі час ён не мяняў шматлікія працы, а больш за 15 гадоў аддаў інстытуту «Бел-энергасетпраект».

На дзяржаўную службу Авяр’янаў прыйшоў яшчэ пры Кебічу, атрымаўшы пасаду намесніка начальніка аддзела ў Міністэрстве энергетыкі. У МЗС трапіў у 2004 годзе.

Нічым асаблівым падчас працы ў Польшчы Авяр’янаў не адзначыўся. Цяпер паміж нашымі краінамі калі і не адліга, то прынамсі адсутнасць экалацыі, а то ж розныя часы былі. Сваёй галоўнай місіяй пасол называе «дапамогу ў прастаце і якасці міжчалавечых адносін».

Кітай, Казахстан, Бразілія

Паслоў гэтых краін аб’ядноўвае тое, што некалі ў Беларусі яны займалі дастаткова высокія пасады.

Напрыклад, прадстаўнік Беларусі ў Бразіліі Леанід Крупец быў старшынёй Мінскага аблвыканкама. У Крупца неардынарная біяграфія. Пасля службы ў войску ён паехаў на вучобу ва Універсітэт дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы ў Маскву. Па спецыяльнасці ён перакладчык з іспанскай мовы. Аднак працаваць пайшоў… аграномам на Гарадзейскі цукровы камбінат. Крупец узначальваў родны Нясвіжскі райвыканкам, а потым цэлую вобласць. Там чамусьці ён не ўтрымаўся, Лукашэнка назваў яго занадта мяккім, таму ў хуткім часе папраўляць сітуацыю на Міншчыне выклікалі дасведчанага Барыса Батуру з Магілёўшчыны.

Апошнія чатыры гады Крупец знаходзіцца на працы ў сонечнай Бразіліі. За гэты час у пасольстве адбылося трагічнае здарэнне. У студзені 2013 у акіяне каля Рыа-дэ-Жанейра патануў консул Беларусі Сяргей Гурэўскі.

Віктар Бура (справа) — з віцэ-прэм’ераў у паслы.

Віктар Бура (справа) — з віцэ-прэм’ераў у паслы.

Віктар Бура пабываў яшчэ ў больш высокім крэсле. Ад 2006 да 2010 ён быў віцэ-прэм’ерам, адказваў за эканамічныя пытанні. Аднак вялікай пазнавальнасці не дабіваўся, нават нягледзячы на выразныя вусы. Цяпер ён узначальвае пасольства ў Пекіне. Працы не бракуе, бо ў Кітай нярэдка ездзяць нашы чыноўнікі, трэба ладзіць візіты, праходзіць шмат фестываляў і выставаў, а плюс да ўсяго перамовы з магутнымі кітайскімі кампаніямі. З Кітая, дарэчы, цалкам магчыма зноў вярнуцца ў вышэйшыя ўладныя эшалоны, прыклад Анатоля Тозіка таму яскравае пацверджанне.

Анатоль Нічкасаў — былы міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі. Цяпер ён пасол нашай краіны ў Казахстане. Цікава, што цэлых 16 гадоў ён адпрацаваў намеснікам міністра архітэктуры: кіраўнікі ведамства мяняліся, а Нічкасаў заставаўся. Сёння ён ужо пенсіянер і праца ў Астане, найхутчэй, стане апошняй у кар’еры.

Паўднёвая Карэя і Латвія

Толькі два прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой узначальваюць жанчыны. Зусім нядаўна было тры, але Вольга Гаўрук, якая працавала ў Таджыкістане, сышла ў адстаўку.

Марына Даўгаполава — амбасадарка ў Латвіі

Марына Даўгаполава — амбасадарка ў Латвіі

Апошнія два гады ў Латвіі працуе 55-гадовая Марына Даўгаполава. Гэта дыпламатка са стажам, раней яна ўзначальвала місію ў Арменіі. Цікава, што малодшая сястра Даўгаполавай Вольга раней таксама працавала ў МЗС.

Звяртае ўвагу, што консульскі аддзел у прыгранічным Даўгаўпілсе (Дзвінску) узначальвае былы кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта Уладзімір Клімаў.

Наталля Жылевіч, якая рэпрэзентуе Беларусь у Паўднёвай Карэі, на дыпламатычнай службе ўжо 23 гады. Выпускніца Лінгвістычнага папрацавала ў беларускіх прадстаўніцтвах у Турцыі і Францыі (яна, дарэчы, валодае і турэцкай, і французскай). А ў 2011 упершыню самастойна ўзначаліла пасольства.

У каго самыя высокія заробкі

12 чэрвеня 2013 года ўрад вырашыў удасканаліць умовы аплаты працы беларускіх дыпламатаў. Дакумент быў выкладзены ў адкрыты доступ і шырокая публіка даведалася, колькі ж зарабляюць паслы.

Найбольшы заробак мае пасол Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў — ажно 4080 еўра. Усё сваё жыццё Рахманаў прысвяціў навуцы і адукацыі. Доўгі час ён працаваў на хімічным факультэце, а таксама ў НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ. Быў першым прарэктарам БДУ, а таксама намеснікам старшыні прэзідыума Акадэміі навук. Ужо на пенсіі яго прызначылі паслом у Японіі — някепская магчымасць падзарабіць. Некалі прадстаўніцтва Беларусі ў Токіа ўзначальваў першы міністр замежных справаў нашай краіны Пятро Краўчанка, з гэтай пасады ён сыходзіў з немалым скандалам.

Пасол Алег Пафёраў (справа) з дадаткамі атрымлівае каля 5 тысяч еўра ў месяц.

Пасол Алег Пафёраў (справа) з дадаткамі атрымлівае каля 5 тысяч еўра ў месяц.

На другім месцы па прыбытках значыцца праца ў Венесуэле. Тамтэйшы пасол Алег Пафёраў мае ў месяц 3980 еўра. А плюс да гэтага надбаўку за цяжкія кліматычныя ўмовы ў памеры 20% ад агульнага заробку. Пафёраў нарадзіўся ў 1949 годзе ў Казахстане, ён вайсковец. Армейскай службе аддаў ажно 40 гадоў жыцця. А калі браць у разлік працу ў Вайскова-прамысловым камітэце, то і 45. Год адпрацаваў у кампаніі мільянера Уладзіміра Пефціева «Белтэхэкспарт». А ў 2012 прызначаны паслом у Венесуэлу. Напэўна, не проста так туды паставілі чалавека, які апошнія гады займаўся продажам зброі.

І які ж вынік работы таварыша Пафёрава? У 2013 годзе таваразварот Беларусі і Венесуэлы склаў 83,3 млн даляраў, або толькі 14,3% ад узроўню 2012 года. У 2014 годзе краіны нагандлявалі на 99,7 млн, а за студзень-верасень гэтага года — менш за 20 млн даляраў. Смеху варта.

Па 3910 еўра ў месяц маюць прадстаўнікі Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку і Жэневе Андрэй Дапкюнас і Юрый Амбразевіч адпаведна.

Андрэй Дапкюнас паходзіць з інтэлігентнай сям’і. Ягоны бацька — вядомы тэатральны дзеяч, працаваў у Міністэрстве культуры, Купалаўскім тэатры. Ягоная мама ўзначальвала музей Янкі Купалы. Прадстаўніцтва пры ААН ён узначальвае ўжо больш за 10 гадоў, што нязвыкла для дыпламата. Праўда, былі ў ягоным жыцці і цяжкія перыяды. У 2011-м яго адклікалі з Нью-Ёрка (быў указ Лукашэнкі). На радзіме яго чакалі «гутаркі» ў Камітэце дзяржбяспекі — яго падазравалі ў сувязях з кандыдатам у прэзідэнты Саннікавым, якому тады шылі ледзьве не спробу дзяржаўнага перавароту. Хадзіла гаворка, што на Дапкюнаса напісалі даносы супрацоўнікі прадстаўніцтва. Але дыпламат зняў з сябе падазрэнні, і яго вярнулі ў Нью-Ёрк.

Кажуць, гэты амбітны і энергічны дыпламат пасля праблем з КДБ згубіў імпэт у працы.

Але менавіта ў Дапкюнаса ў падпарадкаванні працуе сын міністра Уладзіміра Макея. Гэта сведчыць пра тое, што Макей цэніць Дапкюнаса, раз даверыў яму ментарства над уласным сынам.

Варта нагадаць, што «для канспірацыі» сына Макея ў пашпарце запісалі на шкоцкі манер — McKay. Думалі, грамадства не пазнае…

У Жэневе Беларусь цяпер прадстаўляе Юрый Амбразевіч — гэта нядаўняе прызначэнне. Яшчэ да жніўня там працаваў Міхаіл Хвастоў, былы кіраўнік міністэрства. Раней Амбразевіч працаваў у нашых прадстаўніцтвах пры ЕС і НАТА. Ён быў памочнікам Мартынава, калі той быў міністрам.

Дзе самыя малыя заробкі?

А вось менш за ўсё маюць нашы паслы ў Балгарыі і Іране, а таксама часовы павераны ў Румыніі — па 2750 еўра.

Валерый Рыбак яшчэ ў 2001—2002 гадах скончыў дыпламатычныя курсы ў Іране. Таксама ён праходзіў навучанне ў Паўднёвай Карэі па праграме развіцця сувязяў з краінамі СНД і Усходняй Еўропы.

Упершыню на працу ў Іран Рыбак трапіў у 1997 годзе, заняўшы пасаду гандлёвага прадстаўніка. Фактычна ўся ягоная кар’ерная служба так ці інакш звязаная якраз з гэтай краінай. Дыпмісію ён узначаліў у 2008 годзе.

Варта адзначыць, што паслы маюць таксама даплаты на непрацуючых жонак, непаўналетніх дзяцей і за сумяшчальніцтва — г.зн., калі яны акрэдытаваны яшчэ ў іншай краіне ці краінах.

ЗША

Павел Шыдлоўскі ідзе на кантакт з усімі, але яго біяграфія невядомая, фота БелТА

Павел Шыдлоўскі ідзе на кантакт з усімі, але яго біяграфія невядомая, фота БелТА

Даўні дыпламатычны канфлікт паміж ЗША і Беларуссю ўсё не можа вырашыцца. Дыпмісіі працуюць на ўзроўні не пасла, а часовага паверанага. Цяпер Беларусь у Вашынгтоне прадстаўляе Павел Шыдлоўскі. У адкрытых крыніцах адсутнічае ягоная біяграфія. Цікава, што ён, у адрозненне ад многіх калег, не замыкаецца ў сценах амбасады. Шыдлоўскі актыўна наведвае амаль усе мерапрыемствы хоць неяк звязаныя з Беларуссю, у тым ліку тыя, дзе ўдзельнічае апазіцыя. Нярэдка Шыдлоўскі просіць слова на такіх івэнтах. Сёлета дыпламат уразіў многіх сваімі заявамі ў адрас кіраўніцтва ЗША з просьбай працягнуць руку дапамогі Беларусі. «На коне наша незалежнасць», — канстатаваў ён.

Некаторыя калегі, аднак, характэрызуюць Шыдлоўскага як шэрую пасрэднасць. Добры выканаўца, ідэальны памочнік-сакратар, але не пасол — калісьці ён быў памочнікам Хвастова, у час, калі той быў міністрам. Зрэшты, ён і ёсць не пасол у ЗША — усяго толькі «пасланнік», хоць і ў магутнай дзяржаве.

Хто даўжэй за ўсіх?

Нячаста дыпламаты знаходзяцца на адной працы цэлых 14 гадоў. Але гэта можна сказаць пра пасла Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічку. Ён быў паслом яшчэ пры Кучму, потым пры Юшчанку, пасля — пры Януковічу, цяпер пры Парашэнку. Паслу ўдаецца захоўваць баланс у адносінах з любой уладай у суседняй дзяржаве і такая здольнасць ухваляецца кіраўніцтвам Беларусі. Вялічку ўжо 71 год, але ён працягвае працаваць і атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі ордэн. У мінулым Вялічка быў паслом у Латвіі, а таксама міністрам па справах СНД (была некалі і такая пасада).

Вялікабрытанія

Сяргей Алейнік на прыёме ў папы Францішка.

Сяргей Алейнік на прыёме ў папы Францішка.

Адзін з найбольш дасведчаных дыпламатаў краіны знаходзіцца на працы ў Лондане. Мабыць, некалі Сяргей Алейнік будзе мець усе шанцы, каб самому ўзначаліць МЗС. Яму 50 гадоў, родам з Мінску. Скончыў Лінгвістычны ўніверсітэт па спецыяльнасці «англійская і нямецкая мовы». А потым разам з сённяшнім шэфам Уладзімірам Макеем вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі ў Вене. Ад 1992 — на дыпламатычнай працы. У 1995-м быў адпраўлены консулам у нідэрландскую Гаагу.

Быў прадстаўніком Беларусі пры ААН, а таксама пры Ватыкане і Суверэнным Мальтыйскім Ордэне. Гэта такі рыцарскі рэлігійны ордэн, які прызнаецца больш чым 100 краінамі свету як самастойная дзяржава, у тым ліку і Беларуссю.

Менавіта Алейнік у 2009 ладзіў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан і яго сустрэчу з папам Бенедыктам XVI. Цікава, што Алейнік і ў Лондане застаецца прадстаўніком пры Ватыкане — відаць, добра ўдаюцца яму кантакты ў Апостальскай сталіцы.

Смерці паслоў

Зусім нядаўна пайшоў з жыцця пасол Беларусі ў Германіі 48-гадовы Андрэй Гіро.

Гэта другая смерць нашага дыпламата за мяжой за апошні год. У 2014 годзе не стала пасла Беларусі ў Малдове 55-гадовага Вячаслава Асіпенкі.

Чатыры пасольствы ў Афрыцы

Афрыка — гэта той кантынент, дзе беларуская прысутнасць мінімальная. На сённяшні дзень мы маем пасольствы ў Егіпце, Эфіопіі, Нігерыі і ПАР.

Вячаслаў Бяскосны заклапочаны станам дыпламатычных адносін Беларусі і Нігерыі

Вячаслаў Бяскосны заклапочаны станам дыпламатычных адносін Беларусі і Нігерыі

Пасол Беларусі ў Нігерыі Вячаслаў Бяскосны па сумяшчальніцтве з’яўляецца паслом у Габоне, Тога, Малі, Камеруне, Сенегале, Гане і Кот-д’Івуары.

Адзін з найбольш адметных нашых пасланнікаў працуе ў Егіпце. 52-гадовы Сяргей Рачкоў — выпускнік Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ён праходзіў навучанне пры Сусветным банку ў Вашынгтоне, Аб’яднаным Венскім універсітэце ў Аўстрыі, а таксама Жэнеўскім цэнтры вывучэння палітыкі. Развал СССР Рачкоў сустрэў начальнікам упраўлення па працы з персаналам «Белзнешэканомбанка». Быў дарадцам Пятра Пракаповіча ў першыя гады ягонай работы старшынёй праўлення Нацбанка. Пасля гэтага Рачкоў адказваў за адносіны з ЗША і Канадай у МЗС.

Цяжкі момант у кар’еры Рачкова здарыўся, калі ён працаваў у ЗША. Тады адзін з беларускіх дыпламатаў (Чарапанскі) не вярнуўся на радзіму — прычым гэта быў такі ціхі пратэст супраць дыктатуры. Чарапанскі ўладкаваўся працаваць на радыё «Голас Амерыкі», а Рачкова адклікалі ў МЗС, ледзь не звольнілі. Уратаваў яго Дапкюнас, узяў да сябе ў Нью-Ёрк, але адносіны ў іх не склаліся.

А ў 2013 годзе Рачкова нечакана перакінулі зусім на іншы ўчастак — у арабскі свет.

Самыя экзатычныя пасольствы

Прэтэндэнтаў на гэта званне дастаткова шмат.

Напрыклад, летась Беларусь адкрыла амбасаду ў далёкай Аўстраліі. Кіраўніком місіі прызначаны Віктар Шых, які да гэтага быў паслом у Румыніі і Францыі. Усяго пасольства ў Канберы складаецца з чатырох чалавек. Апроч самога Віктара Шыха, гэта трэці сакратар Максім Макараў з жонкай Галінай, а таксама кіроўца.

Ёсць у Беларусі сваё пасольства і ў далёкім Эквадоры. Яго ўзначальвае былы вайсковы перакладчык Ігар Палуян, яшчэ за савецкім часам ён працаваў у Нікарагуа. Праца ў МЗС у яго ўвесь час звязаная з краінамі Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.

У бліжэйшых перспектывах нашага МЗС — пашырэнне геаграфіі. Плануецца, што беларуская амбасада з’явіцца ў Грузіі. Ёсць яна таксама ў багатым Катары, але пасла туды ўсё ніяк не прызначаць.

А хто стане паслом у ЗША ў выпадку нармалізацыі двухбаковых адносін? Кажуць, пра гэтае прызначэнне марыць былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?