Думаў, пабудую хату, завяду казу, потым карову і каня. Буду апрацоўваць зямлю, карміць восем ратоў, прадаваць лішкі гораду. То бок, жыць, як усе нармальныя вяскоўцы. Але гэта быў ідэалістычны малюнак утопіі пра тое, як беларуская вёска жыве. Папраўдзе ж, няма ў вёсцы ніякага гаспадара, няма на кога раўняцца, у кога вучыцца.

Цётка Маруся з Вялікіх Аўцюкоў запэўнівае мяне, што алкаголік — «прапашчы чалавек». Маўляў, ён ужо «ні сям’і, ні хаты не пабудуіць». І я ўзгадваю бацькавага суседа, які спаліў на дровы хлеў, дрывотню, лазню. Сёння той сусед, бацька расказвае, выходзіць ранкам пакурыць на ганак і думае пра тое, а ці так ужо яму той ганак патрэбны. Яшчэ адзін — майстар па дрэве — жыве ў хаце без падлогі. Хату ж тапіць трэба было. Чым падлога не дровы?

Гэтым двум пашчасціла, што ў іхніх хатах працуюць печы. У Боруску жыве жанчына, якая ўжо цяпер на вачох пераўтвараецца ў звера. Мяжу, дзе чалавек навучыўся ацяпляць хату, яна паспяхова перасекла ў адваротным напрамку. Летам неяк жыве, зімой разам з сабакам забіраецца пад падлогу хаты і зімуе там у кучцы анучак.

Да мяне рэгулярна прыходзіць дзед Гануша, клянчыць:

– Ну, дай. Паміраю, дай. Напрамілы Бог прашу, дай.

Калі б я меў схільнасць здзекавацца з людзей, я б мог папрасіць дзеда раздзецца і паскакаць на адной назе. Ён, хоць і абапіраецца на кій, скакаў бы. За дваццатку ці сто грам. І вершык бы яшчэ расказаў. Але ў дзеда ёсць баба. І пакуль яна жывая, дзед Гануша будзе адзеты і наеты.

Так і ўсе п’які маюць патрэбу ў дарослым чалавеку побач, які б гадаваў іх, бы дзяцей. Без цвярозага дарослага алкаголік пачне тапіць хату хатай, як пляменніца бабы Параскі, пакуль тая хадзіла па пенсію. Ці пагуляецца з электрычнасцю, як кантужаны Вася.

У вёсках ёсць сем’і, дзе старэнькія жанчыны даглядаюць сваіх саракагадовых сыноў. Мыюць ім бялізну, вараць баршчы. Сыны б’юць іх і прапіваюць іхнія пенсіі.

А калі матка не дасць выпіць, сын можа проста забіць яе. У Аўцюках толькі сёлета два сыны забілі сваіх матак за тое, што тыя ім не налілі.

Я вось раней думаў, а як ім самім не сорамна за сябе: «Я дарослы дужы мужык, нідзе не працую, забіраю ў маткі пенсію і прапіваю яе»?

А папраўдзе, іх свет выглядае іначай. Ходзіць да мяне з душэўнымі трызненнямі, бы да вясковага святара, адзін Алежак. Здаровы мужык. Можа з трактара зрабіць верталёт і паляцець на ім. Але не робіць, бо п’е.

У Алежка ёсць жонка і пяцігадовая донька. І жонка тая не ўзяла на сябе місію гадаваць Алежка, пагнала яго ў шыю.

Алежак прыехаў жыць да састарэлых бацькоў, і тыя цацкаюцца з ім. То бок, церпяць праз свой бацькоўскі абавязак. Гэта праўдзівая гісторыя. У пераказе самога Алежка яна гучыць так. Жыў-быў гожы мужык з залатымі рукамі. Усё рабіў, сям’ю на сваіх плячох нёс. А жонка яму трапілася вой і паску-у-удная! Усе грошы спускала на бары. Плюнуў ён на яе і паехаў у вёску даглядаць сваіх старэнькіх бацькоў. Бо цяжка ім адным, трэба ж, каб у хаце дужыя мужчынскія рукі былі.

І калі вы бачыце, як па вуліцы ідзе абасцаны ванючы алкаголік, так і ведайце: у яго вачох гэта вы абасцаліся. І ўвогуле, вы жывяце толькі таму, што ён так захацеў.

Калі ж алкаголік не мае побач дарослага, які яго даглядае, не мае сваёй хаты, дзе б можна было перазімаваць у гары анучак, ён становіцца бяздомным сабакам. Ходзіць ля сметніц, вынюхвае сабе костку.

Далей: турма, смерць альбо рабства.

Мець свайго раба — гэта прывілей цыганоў. Такое, каб раб батрачыў на беларуса, на Палессі амаль не бывае. Ёсць асобныя шчасліўцы. У суседняй вёсцы беларус Юрка з такіх. Ён неяк апярэдзіў цыганоў і месяц таму знайшоў сабе раба з калінкавіцкіх валацуг-алкаголікаў, забраў да сябе, і той цяпер працуе на яго селішчы ад світання да ночы. Юрка даў яму жытло ў дрывотні, корміць і налівае гарэлку раніцай і вечарам. Астатні час раб робіць тое, што яму наказваюць.

У цыганоў рабы жывуць значна горш за таго, што ў Юркі. Той хоць раскладушку ў дрывотні паставіў. А ў цыганоў рабы спяць са свіннямі, ядуць абы што. Да таго ж не маюць права ўвайсці ў хату. Дазволена толькі стаць на ганак, адчыніць дзверы і паклікаць гаспадара. Акрамя галавы, нішто рабскае ў цыганскую хату трапіць не можа. Юрка казаў, што свайго раба памыў, даў яму адзежу, а цыганы сваіх не мыюць, і тыя смярдзяць, бы бамжы.

Я не ведаю, якім свет уяўляецца ў тых галовах. Магчыма, і рабы лічаць сябе героямі, на ўзор алкаголікаў-пачаткоўцаў. А можа, там ужо ўсё зламанае, і нават ніякага пачуцця самасці няма. Гэта тая прорва, куды не хочацца зазіраць нават маёй цікаўнасці.

Тыя ж алкаголікі, што яшчэ бачаць мроі, таму і п’юць, каб жыць ва ўяўным свеце. Калі яны цвярозыя, жанкі-маткі бубняць на вуха: «Ну як ты можаш паводзіць сябе так па-скоцку-у-у? Ну мне ж цяжка адной, а ты здаровы мужы-ы-ык»… І Вася, Алежак, Гануша вып’е, каб вярнуцца ў той свет, дзе ён паводзіць сябе не па-скоцку, дзе нясе на плячох сям’ю, дзе герой.

І не шукайце іншых прычынаў. Беларусы п’юць, каб ад праўды збегчы. Ад праўдзівых сябе.

Мы — краіна-пераможніца, краіна герояў. Мы жывём у квітнеючай Беларусі. Мы ўсміхаемся з плакатаў з бусламі і вясёлкамі. Мы нясём свету мір і дабрабыт. У нас няма вайны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?