У студзені—кастрычніку гэтага года ад хатняга гвалту ў Беларусі загінулі амаль 96 чалавек, яшчэ 169 атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 25 лістапада паведаміў начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей.

«Пры гэтым трэба разумець, што ёсць такія цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія заканчваюцца смерцю», — сказаў ён, дадаўшы, што ў цэлым ад хатняга гвалту штогод гінуць да 150 чалавек.

За 10 месяцаў таксама зарэгістраваныя больш як 42 тысячы адміністрацыйных правапарушэнняў у побыце, у той час як за ўвесь 2012 год іх было каля 31 тысячы. Павелічэнне, як растлумачыў Каразей, звязанае з увядзеннем у сярэдзіне 2013 года адміністрацыйнай адказнасці за нанясенне пабояў, якое не мела вынікам прычыненне цялесных пашкоджанняў, наўмыснае нанясенне болю, фізічных ці псіхічных пакутаў, учыненых у дачыненні да члена сям'і.

Апрача таго, у студзені—кастрычніку выдадзена 1.128 ахоўных прадпісанняў, у тым ліку 919 — з абавязацельствам часова пакінуць агульнае жылое памяшканне. «Мы бачым, што гэтая мера эфектыўная. Мы атрымліваем зваротную сувязь ад ахвяраў гвалту ў сям'і, да мужоў якіх прымяняліся ахоўныя прадпісанні, мы размаўляем з нашымі супрацоўнікамі, якія выносілі такія прадпісанні і кантралявалі іх выкананне, і бачым, што гэтая мера прымушае агрэсара сур'ёзна задумацца аб далейшых паводзінах», — зазначыў прадстаўнік МУС.

Зараз пры невыкананні прадпісання парушальнікі прыцягваюцца да адказнасці за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі, але ў перспектыве КоАП плануецца дапоўніць асобным артыкулам, які прадугледжвае адказнасць за невыкананне ахоўнага прадпісання, паведаміў Каразей.

У агульнай колькасці правапарушэнняў і злачынстваў у побыце, паводле яго слоў, жанчыны выступаюць агрэсарамі толькі ў 5% выпадкаў, але разам з тым імі ўчыняецца кожнае трэцяе забойства ў сям'і. «Чаму гэта адбываецца? Спачатку ідзе агрэсія і гвалт з боку мужа, партнёра, і жанчына, разумеючы, што зараз яе жорстка паб'юць, хапае гэты нож і як вынік — цяжкія цялесныя пашкоджанні, а іншы раз і пазбаўленне жыцця», — растлумачыў спецыяліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?