Крутой машынай ужо мала каго можна здзівіць. Інжынеры спрабуюць мінімізаваць цяжкія аўто і матацыклы, а новыя тэхналогіі дазваляюць лёгка перамяшчацца ва ўмовах горада з меншымі выдаткамі. Мы падабралі некаторыя новыя сродкі перамяшчэння, якія можна набыць ужо сёння ў Беларусі.

1. Электрасамакат

На першы погляд, гэта звычайныя самакаты. Але ў іх убудаваныя спецыяльныя рухавікі з акумулятарамі, якія дазваляюць развіваць хуткасць да 30 км/г. На рынку электрасамакатаў пераважаюць дзіцячыя версіі, але ёсць і варыянты для дарослых. Якасны прыклад гэтаму — электрасамакат Volteco Generic Two S2 250.

У Мінску яго можна набыць пад замову з Расіі за 14 мільёнаў (прыкладна $780). Ён вытрымлівае чалавека з вагой да 110 кг, сам важыць каля 10 кг, мае магнітны тормаз, час зараджання — дзве гадзіны, а рэсурс паездкі складае каля 25 км. Ёсць невялічкая фара і дысплэй, на якім вы можаце пабачыць інфармацыю аб зарадцы, прабегу і хуткасці.

2. Гіраскутар

Самакатам гэта цяжка назваць, але ўсё што вам трэба — стаць і накіроўваць гэты апарат. Карыстальнікі скардзяцца на цяжкасці з пераадольваннем бардзюраў і купін. Развівае хуткасць да 10 км/г. Затое і каштуе ў Беларусі ўсяго 9 мільёнаў. Пакуль што рынак гіраскутараў малы, таму ў Беларусі можна набыць толькі Smart Way 7''. На адной зарадцы вы зможаце праехаць каля 10—20 км, ён вытрымлівае людзей з вагой да 100 кг, час зараджання 2—3 гадзіны, а сам важыць 14 кг. Можна пакласці ў заплечнік, калі сядзе батарэйка.

3. Монакола

Для тых, хто марыў навучыцца ездзіць на аднаколавым ровары, ёсць выдатная сучасная версія. Ninebot One E+ каштуе ў Беларусі 16,5 мільёнаў (каля $900). Гэта кола вытрымлівае чалавека з вагой да 120 кг. Монакола ганарыцца хуткасцю ў 22 км/г, на адной зарадцы можна праехаць 35 км, а зараджаецца ўсяго дзве гадзіны.

4. Сэгвэй

Гэта цацка для забяспечаных і дарослых. Сэгвэі ўжо можна заўважыць на вуліцах Мінска. У асноўным гэта пракаты на Камсамольскім возеры і на Нямізе. Пакуль што такую рэч можна набыць толькі ў Мінску і толькі ў адной фірме. Ёсць толькі дзве мадэлі — Segway i2 і Segway x2. Першы прызначаны для перамяшчэння па горадзе, а другі можа катацца і на бездарожжы. Сэгвэй моцна ўдарыць па вашай кішэні, бо яго кошт складае $7—8 тысяч, у залежнасці ад мадэлі. Яны разганяюцца да 20 км/г, батарэйкі хопіць на 30—40 км, а важаць яны пад 50 кг.

5. Электраскейт

Для аматараў скейтбордынгу кампанія Lite Electric Skateboards выпусціла электраскейт. Збіраць на такую мару скейтара давядзецца аж 12,5 мільёна. Затое пасля вам дастаткова выехаць на трасу, і ваш электраскейт спакойна выцісне 30 км/г. Так ён зможа праехаць 28 км… — а пасля сядзе батарэйка. Зараджаецца ён 3,5 гадзіны, што нямала для 9-кілаграмовага скейта. Затое ёсць у ім ёсць Bluetooth і пульт кіравання. Вытрымлівае 110 кілаграм, можна нават па хаце рэчы перавозіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?