Сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) прапануюць уладам Мінска назваць адну з вуліц сталіцы імем Гервасія Вылівахі — галоўнага героя аповесці «Ладдзя роспачы» выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Пра гэта паведаміў старшыня СБП Барыс Пятровіч, выступаючы 26 лістапада ў Мінску на творчым вечары, прысвечаным 85-годдзю з дня нараджэння Караткевіча. 

Без Караткевіча мы наогул не можам уявіць сучасную беларускую літаратуру. Прайшло больш за 30 гадоў з дня смерці Уладзіміра Караткевіча, але дагэтуль у Мінску няма ні вуліцы, названай яго імем, ні помніка пісьменніку. 

Паводле слоў Пятровіча, у сталіцы ёсць вуліца, названая ў гонар падпольшчыка Дзмітрыя Караткевіча. Паколькі назва вуліцы пішацца без дадавання імя гэтага ваеннага дзеяча часоў Вялікай Айчыннай вайны, доўгі час для ўлад горада гэта «служыла апраўданнем таму, што не можа з'явіцца яшчэ адна вуліца Караткевіча», але ўжо названая ў гонар пісьменніка. 

«Нядаўна ў Саюзе пісьменнікаў прайшоў шахматны турнір, — расказаў кіраўнік СБП. — Яго ўдзельнікі прынялі рашэнне паслаць ліст у аддзел культуры Мінгарвыканкама з прапановай назваць адну з новых вуліц калі не ў гонар самога Караткевіча, то ў гонар аднаго з яго герояў — Гервасія Вылівахі, ён таксама быў шахматыстам». 

«Гэта не новая з'ява ў свеце. У Еўропе нямала вуліц, якія носяць імёны вядомых літаратурных герояў. Скажам, у Нідэрландах ёсць вуліца Анны Карэнінай, а ў Польшчы, у Варшаве, — вуліца Віні-Пуха», — адзначыў ён. Пятровіч дадаў, што аддзел культуры Мінгарвыканкама ўжо перанакіраваў ліст пісьменнікаў у профільны аддзел, які займаецца пытаннем наймення сталічных вуліц. 

Такім чынам пісьменніцкая супольнасць зрабіла ўладам горада намёк на тое, што неабходна ўвекавечыць у сталіцы імя выдатнага беларускага літаратара. Кіраўнік СБП спадзяецца, што камісія па перайменаванні вуліц задумаецца, зразумее пасыл пісьменнікаў, і ў выніку неўзабаве ў Мінску «з'явіцца вуліца не Гервасія Вылівахі, а Уладзіміра Караткевіча».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?