Яшчэ 150 гадоў таму ў Смургонях існавала заснаваная Радзівіламі «Акадэмія», у якой дрэсіравалі мядзьведзяў. А сёньня дрэсіруюць у Смаргоні сабак для аховы мяжы.

Яшчэ 150 гадоў таму ў Смаргоні існавала заснаваная Радзівіламі «Акадэмія», у якой дрэсіравалі мядзьведзяў. Зьвяры цешылі шляхту на забаўляльных мерапрыемствах таго часу, палохалі замежных гасьцей, а Пане Каханку, калі верыць легендзе, на іх нават катаўся. Толькі для аховы межаў іх не ўжывалі. Хоць сёньня на эмблеме Смаргонскага памежнага атраду ‑‑ мядзьведзь. І дрэсіруюць у Смаргоні сёньня сабак для аховы мяжы.

Штогод у пітомніку кіналягічнага цэнтру Смаргонскага памежнага атраду Дзяржкамітэту памежных войскаў рыхтуюць ад 80 да 100 сабак. Апроч «традыцыйнай» нямецкай аўчаркі тут гадуюць лабрадораў і бэльгійскіх аўчарак. Працэс падрыхтоўкі службовых сабак складаецца з трох этапаў: падрыхтоўчага, асноўнага (курсу службовай дрэсіроўкі па віду службы) і трэніроўкі сабак непасрэдна ў падразьдзяленьні.

Таму, хто атрымаў «нездавальняюча» на іспыце, даецца шанец працягнуць навучаньне, па сканчэньні якога выносіцца вэрдыкт — ці годны для службы ці не. Вызначаецца прычына: кепскі зрок альбо нюх, боязь страляніны. Выбракаваных жывёл з радасьцю купляюць — яны, напрыклад, зьяўляюцца добрымі вартаўнікамі.

Абвяргаючы стэрэатыпную думку, што службовых сабакаў выхоўваюць злоснымі і наркаманамі, кінолягі распавялі, што галоўнае ў навучаньні — гульнявы момант, разьвіцьцё рэфлексу. Напрыклад, калі сабака знаходзіць наркотык, то атрымлівае на некалькі хвілінаў цацку. Каб умовы навучаньня былі набліжанымі да рэальных, у Цэнтры пабудаваныя заля прылёту пасажыраў і чыгуначны вакзал. У сярэднім чатырохлапыя памежнікі служаць восем гадоў.

На 3600‑кілямэтровай беларускай мяжы ў 2005 годзе затрымалі 66 кг наркатычных і псыхатропных рэчываў і 5,5 літры экстракцыйнага опію. У 2006 — больш за 30 кг. Але для ацэнкі эфэктыўнасьці работы сабак важна, колькі было выпадкаў выяўленьня. Калі ў 2005 годзе сабачы нос «паказваў на наркакантрабанду 4 разы, то ў 2006 годзе — 12 разоў. Магчыма, з часам беларускія сабакі навучацца, як іх «калегі» з Аўстрыі, дзе кіналягічная служба найбольш разьвітая, вызначаць прычыну пажару — натуральнае было запальваньне альбо наўмысны падпал. Таксама аўстрыйцы працуюць над тым, каб навучыць сабак вызначаць фальшывыя грошы.

Паводле словаў кіраўніка Цэнтру палкоўніка памежных войскаў Уладзімера Жалдыбіна, умовы ўтрыманьня сабак практычна на ўзроўні сусьветных стандартаў. Напрыклад, для аналізу крыві набыта унікальная лябараторыя, што рэдка можна знайсьці ў «чалавечых» бальніцах. У Цэнтры ёсьць радзільнае аддзяленьне, дзе да пэўнага моманту знаходзяцца сукі са шчанюкамі, у вальерах непадалёку сваволяць шчанюкі крыху сталейшыя. Хворыя сабакі накіроўваюцца ў вэтэрынарны пункт, дзе ім могуць паставіць кропельніцу альбо ў кабінэце фізіятэрапіі правесьці неабходныя працэдуры.

sabaki_03-lnk080326 (42K)
sabaki_05-lnk080326 (44K)
sabaki_01-lnk080326 (36K)
sabaki_02-lnk080326 (62K)
sabaki_04-lnk080326 (47K)
sabaki_06-lnk080326 (46K)
sabaki_07-lnk080326 (44K)
sabaki_08-lnk080326 (52K)
sabaki_10-lnk080326 (44K)
sabaki_09-lnk080326 (39K)
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?