Цяпер у спісе прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага трэнера ХК «Дынама-Мінск», які выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе, знаходзяцца тры спецыялісты.

Пра гэта заявіў старшыня Беларускай федэрацыі хакея Ігар Рачкоўскі ў інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала ОНТ, паказаным вечарам 29 лістапада. 

«Мы шукаем розныя варыянты. У нас ёсць спіс кандыдатаў. Літаральна ўчора мы з дырэктарам мінскага «Дынама» селі, прозвішчаў 15 у нас ёсць, і мы проста сядзім і выкрэсліваем… Засталося тры», — расказаў Рачкоўскі. 

Называць прозвішчы гэтых кандыдатаў ён лічыць пакуль некарэктным. 

«Маё меркаванне — павінен быць добры спецыяліст і, я падкрэсліў бы, — паўночнаамерыканскі», — заявіў кіраўнік ФХРБ. 

Цяпер выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера мінскага «Дынама» з'яўляецца вядомы беларускі хакеіст Андрэй Кавалёў. У руля каманды ён устаў пасля скасавання кантракта са славакам Любамірам Покавічам. 

Покавіч узначаліў «Дынама» 23 лістапада 2013 года, змяніўшы Аляксандра Андрыеўскага. У сезоне-2013/2014 каманда не трапіла ў плэй-оф, але дайшла да фіналу Кубка надзеі, які разыгрывалі няўдачнікі рэгулярнага чэмпіянату. У сезоне-2014/2015 «Дынама» выйшла ў плэй-оф, дзе ў першым раўндзе прайграла фінскаму «Ёкерыту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?