Мастачка, што малюе песьні, і музыка, што піша карціны — менавіта такую канцэпцыю заклалі Ніка Сандрос і Ігар Варашкевіч у сваю першую пэрсанальную выставу.

З 2 па 11 красавіка ў мастацкай галерэі «Падземка» пройдзе выстава малюнкаў, карцін і паштовак вядомага рок‑музыкі Ігара Варашкевіча і мастачкі, што малюе песьні, Нікі Сандрос.

Ніка нарадзілася ў Грэцыі і зь дзяцінства малявала песьні свайго дзядзькі, вядомага грэцкага сьпевака Яніса Куроса. Пазьней жыла ў Чылі і адтуль дасылала дзядзьку малюнкі чылійскіх песень. Калі мастачка апынулася ў Беларусі, то доўгі час нават і ня думала пра мастацтва, пакуль аднойчы не захапілася музыкай наноў. Зараз сярод яе малюнкаў можна знайсьці ня толькі вядомых Bjork, Tori Amos, Janis Joplin, але і знаёмыя вам гурты Крама і Indiga.

Ніка любіць ня толькі гукі. Зараз яна працуе над сэрыяй мона‑коміксаў «О разбитом мире, выброшенных белых флагах, и шатающемся Ози…», якая апісвае ўзаемаадносіны мастачкі з уласным мужам. Чамусьці яна кліча яго Озі Озбарнам. Відавочна, гэта прага арытмічнай жанчыны да мужчын рок‑н‑ролу.

Дарэчы, вядомы вам мужчына рок‑н‑ролу — Ігар Варашкевіч, лідэр гурта «Крама», кажа, што ніколі ня думаў, што возьмецца за маляваньне, хаця і мае адукацыю мастака. Звычайна Варашкевіч цікавіўся музыкай, а тут выпадкова зьявіўся кампутар, пляншэт і вольны час. У выніку сьвет пабачылі малюнкі‑адлюстраванні канфлікту жыцьцярадаснага чалавека з дэпрэсіўнай рэальнасьцю. Праверце, можа, вы кармічныя сваякі?

2.04.08. – 11.04.08.
Мастацкая Галерэя «Падземка»
Мінск, прасп. Незалежнасьці (б. Скарыны), 43; ст. м. «Пл. Перамогі»
Ніка Сандрос. Ігар Варашкевіч.«Depress і Арытмія».

Паводле: Руся, «Еўрапейскае радыё для Беларусі»

Глядзі яшчэ:
Блоґ Ігара Варашкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0