Падчас праходу заўзятараў на футбольныя матчы прадстаўнікі федэрацыі па гэтым відзе спорту будуць весці «незалежную відэаздымку», паведаміў першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар'ян на прэс-канферэнцыі 30 лістапада ў Мінску.

Паводле яго слоў, гэта мера заклікана знізіць колькасць канфліктных сітуацый і садзейнічаць аб`ектыўнаму вырашэнню спрэчак паміж гледачамі і супрацоўнікамі міліцыі.

Аб дамоўленасці з МУС наконт прысутнасці прадстаўнікоў БФФ на ўваходах раней ужо паведамлялася. Цяпер адбылася канкрэтызацыя іх абавязкаў.

Як заявіў Сафар'ян, інстытут сцюардаў на стадыёнах будзе ўводзіцца паступова, у залежнасці ад гатоўнасці персаналу. Надглядныя ж мерапрыемствы па перыметры арэн па-ранейшаму будзе праводзіць міліцыя, бо любую іншую — не сілавую — структуру заканадаўства не ўпаўнаважнае займацца гэтым. «З пытаннямі бяспекі ніхто жартаваць не збіраецца», — падкрэсліў прадстаўнік БФФ. У той жа час, сказаў ён, з супрацоўнікамі МУС, якія ажыццяўляюць надгляд, будзе праводзіцца «адпаведны інструктаж», бо «на першы план выходзяць пытанні чалавечага фактару».

Міліцыя прадоўжыць суправаджэнне заўзятараў на матчы, аднак федэрацыя, паводле слоў Сафар'яна, уздыме пытанне паводзін супрацоўнікаў МУС. «Ужо пасля сустрэчы кіраўніцтва федэрацыі і МУС (11 лістапада) была не вельмі прыемная сітуацыя падчас паездкі заўзятараў з Гродна ў Мінск на матч кубка. У большай ступені гэта тычыцца ДАІ, а не АМАПа», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?