Збудаваўшы гаць, бабры затапілі вядомы гідралагічны помнік прыроды ў Баранавіцкім раёне – крыніцу, што знаходзіцца ў лясным яры паміж вёскамі Ясянец і Пруды.
Гэта адзіная ў Баранавіцкім раёне крыніца гэтак званага ўзыходнага тыпу: вада з яе пад вялікім ціскам уздымаецца над паверхняй вады. У 2010 годзе гэта ўнікальная мясціна была абвешчана помнікам прыроды мясцовага значэння. Крыніцу асвяціў святар, і пры ёй паставілі крыж з малітвай. З лясной дарогі да крыніцы зрабілі драўляныя сходы з парэнчамі, побач на лясной паляне паставілі альтанку з лавамі і сталом.
Фота: Алесь Гізун
Бабры каля гэтай крыніцы жывуць ужо шмат гадоў, але дагэтуль іх жыццядзейнасць была амаль незаўважнай. Яшчэ ў пачатку восені крыніца выглядала натуральна. Цяпер жа яр, у якім і прабіваецца на паверхню крыніца, прыкладна на метр затоплены вадою. Бабры павалілі тут дрэвы і збудавалі гаць, таму сцёк крынічнай вады ў суседнюю рэчку Сервеч крытычна запаволіўся. У выніку – цяпер да крыніцы не падысці, яна пакрысе пераўтвараецца ў балота.