Кітайскі юань уключаны ў кошык рэзервовых валют Міжнароднага валютнага фонду, паведаміла дырэктар-распарадчык арганізацыі Крысцін Лагард.

Рашэнне МВФ уступіць у сілу 1 кастрычніка 2016 года. КНР, якая з'яўляецца другой эканомікай у свеце пасля ЗША, звярнулася з запытам у МВФ надаць нацыянальнай валюце краіны статус рэзервовай яшчэ летась.

«Рашэнне савета дырэктараў уключыць юань у кошык рэзервовых валют — важны крок у інтэграцыі кітайскай эканомікі ў глабальную фінансавую сістэму. Гэта таксама знак прызнання таго прагрэсу, якога кітайскія ўлады дамагліся за апошнія гады ў рэфармаванні валютнай і фінансавай сістэм Кітая», — сказала Лагард.

Аналітыкі называюць рашэнне МВФ сімвалічным, паколькі юань фактычна ўжо выкарыстоўваецца ў разліках па ўсім свеце і з'яўляецца «свабодна выкарыстоўванай валютай». У якасці разліковай валюты юань падняўся з 35-га месца ў кастрычніку 2010 года на 5-е ў 2015 годзе. А ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне юань стаў самай папулярнай пры разліках валютай.

Цяпер рэзервовымі валютамі з'яўляюцца: даляр, еўра, брытанскі фунт стэрлінгаў і японская ена.

У 2010 годзе, калі ў апошні раз пераглядаўся кошык рэзервовых валют, МВФ адмовіў Кітаю ва ўключэнні юаня ў гэты спіс, патлумачыўшы гэта тым, што кітайская валюта на той момант не адпавядала патрабаванню аб свабодным выкарыстанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?