Eyal Warshavsky / AP

Eyal Warshavsky / AP

У Францыі ва ўзросце 97 гадоў памёр Маркус Клінгберг — самы вядомы шпіён, калі-небудзь выкрыты спецслужбамі Ізраіля. Пра гэта паведамляе The Times of Israel.

Яго арыштавалі ў 1983 годзе, абвінаваціўшы ў рабоце на КДБ цягам папярэдніх 30 гадоў. На той момант Клінгберг быў намеснікам дырэктара звышсакрэтнага інстытута біялагічных даследаванняў у Нес-Цыёне, а таксама прафесарам эпідэміялогіі ў Тэль-Авіўскім універсітэце. У прыватнасці, ён перадаваў Савецкаму Саюзу інфармацыю пра тое, якую дзейнасць вядзе Ізраіль у галіне хімічнай і біялагічнай зброі.

Па словах самога вучонага, ён працаваў на СССР па ідэалагічных меркаваннях, а таксама ў падзяку за перамогу над нацыстамі.

Клінгберга прысудзілі да 20 гадоў турмы, пры гэтым, як удакладняе выданне, палову тэрміну ён правёў у адзіночнай камеры. Пасля вызвалення ў 2003 годзе яму дазволілі з'ехаць да дачкі і ўнука ў Парыж.

Аўраам Маркус Клінгберг нарадзіўся ў 1918 г. у Варшаве, вучыўся ў Варшаўскім універсітэце. У пачатку Другой сусветнай перабраўся ў СССР, у Мінск, і скончыў Мінскі медінстытут.

22 чэрвеня 1941 года ўступіў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, атрымаў званне капітана медыцынскай службы, быў паранены. У 1943 г. скончыў у Маскве аспірантуру па інфекцыйных захворваннях і пасля вызвалення часткі Беларусі ў 1943 г. быў прызначаны галоўным інфекцыяністам БССР.

Па заканчэнні вайны Клінгберг вярнуўся ў Польшчу, дзе даведаўся, што ўся яго сям'я і родныя загінулі ў Трэблінцы. Некаторы час працаваў у міністэрстве аховы здароўя Польшчы ў якасці намесніка галоўнага інфекцыяніста. У 1948 Клінгберг з жонкай Вандай прыехаў у Ізраіль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?