БЧ уводзіць новы расклад руху цягнікоў 13 снежня, паведаміў 1 снежня на брыфінгу ў Мінску першы намеснік начальніка пасажырскай службы ўпраўлення Беларускай чыгункі Андрэй Кашко.

Ён патлумачыў, што сёлета новы графік уводзіцца не як звычайна ў канцы мая, а ў снежні. «Гэта тлумачыцца тым, што графік фарміруецца не толькі для руху ў краіны СНД, але і ў еўрапейскія дзяржавы», — паведаміў Кашко.

Паводле яго слоў, у графіку на 2015/2016 гады прадугледжана пастаяннае курсіраванне 30 цягнікоў ў міжнародных зносінах.

«Новы графік прадугледжвае ўвод новых цягнікоў, паскарэнне руху некаторых існуючых. Мы спадзяёмся, што на асобных кірунках будзем мець устойлівую чыгуначную сувязь, якую, магчыма, страцілі», — сказаў Кашко. 

Так, з 13 снежня штодзённа пачнецца рух двух бесперасадачных вагонаў Мінск — Варшава. Раней цягнік хадзіў два разы на тыдзень. Таксама на дзве гадзіны скараціўся час у дарозе ў Адлер

«Бліжэй да лета з'явяцца бесперасадачныя вагоны, якія будуць курсіраваць праз краіны Заходняй Еўропы ў напрамку да Чорнага мора — у Варну (два разы на тыдзень). Мы адкрываем новыя зносіны з курортамі Чарнагорыі Мінск — Бар у складзе міжнароднага цягніка, які мы будзем фарміраваць разам з Расійскімі чыгункамі», — патлумачыў Кашко. 

«Мы пастараліся не губляць адносіны з чыгуначнымі адміністрацыямі суседніх краін, таму практычна без змяненняў засталіся ў нас цягнікі ў зносінах з Расіяй і Украінай», — адзначыў прадстаўнік БЧ. «Некаторыя змяненні адбыліся ў зносінах з Украінай. Былы цягнік Мінск — Сімферопаль будзе хадзіць да станцыі Новааляксееўка, а гэта магчымасць адпачынку на Азоўскім узбярэжжы. У зімовы перыяд ён будзе хадзіць да Запарожжа», — дадаў Кашко. 

Ён таксама паведаміў, што ў міжрэгіянальных зносінах будзе хадзіць 47 цягнікоў.

«Паток пасажыраў, якія выкарыстоўваюць больш хуткасныя цягнікі, перавышае нашы чаканні. Таму ў новым графіку на Брэст і на Віцебск уводзяцца дадатковыя цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа, якія будуць амаль няспынна накіроўвацца ў пункты прызначэння і з максімальнай хуткасцю везці пасажыраў», — адзначыў першы намеснік начальніка службы. «Таксама будуць у графіку і дадатковыя цягнікі міжрэгіянальных ліній эканомкласа», — паведаміў прадстаўнік БЧ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?