У Таджыкістане закрываюцца ўсе абменныя пункты валют, паведамляе прэс-цэнтр Нацыянальнага банка рэспублікі.

«Нацыянальны банк Таджыкістана (НБТ) вырашыў закрыць усе пункты абмену валют. Гэты захад зроблены ў рамках чарговых мер для стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку краіны», — гаворыцца ў паведамленні.

У НБТ адзначылі, што аналіз сітуацыі паказаў, як некаторыя супрацоўнікі абменных пунктаў валют, карыстаючыся сітуацыяй, завышаюць курс замежнай валюты. «Так, 27 лістапада супрацоўнікі НБТ сумесна з супрацоўнікамі пракуратуры затрымалі за завышэнне курса замежнай валюты 6 работнікаў абменных пунктаў розных банкаўскіх структур і крэдытных арганізацый. Было ўстаноўлена, што яны захоўвалі ў касах вялікі аб'ём грашовых сродкаў у нацыянальнай і замежнай валюце, які ў некалькі разоў перавышае падсправаздачныя сродкі, займаліся неафіцыйнай купляй-продажам валюты», — падкрэслівалі ў заяве галоўнага рэгулятара. У сувязі з гэтым НБТ прыняў рашэнне аб іх закрыцці.

Таксама Нацбанк прыняў распараджэнне нумар 211 «Аб парадку правядзення валютных аперацый з замежнай валютай», якое будзе дзейнічаць пасля яго афіцыйнага апублікавання. Згодна з патрабаваннем гэтага распараджэння, будуць закрыты ўсе абменныя пункты валюты, а валютныя аперацыі, у тым ліку купля-продаж замежнай валюты, будуць праводзіцца ў банкаўскіх цэнтрах абслугоўвання, філіялах банкаў на месцах і галаўных офісах крэдытных арганізацый.

Нацбанк просіць грамадзян ажыццяўляць валютныя здзелкі выключна ў названых установах, а правядзенне такіх здзелак у іншых месцах будзе лічыцца незаконным: як пакупнік, так і прадавец будуць прыцягвацца ў аднолькавай ступені да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?