На чыгуначным вакзале «Баранавічы-Палескія» сёння былі эвакуяваныя 60 пасажыраў праз нічыйны пакет у касавай зале, паведаміў першы намеснік начальніка Баранавіцкага АУСТ Віктар Харытонаў.

Інцыдэнт адбыўся ў 13.05, калі нарад міліцыі звярнуў увагу на пакет, што ляжыць на падваконні. Гаспадара ручной паклажы сярод тых пасажыраў, якія сядзелі ля вакна, не знайшлося. Між тым на знаходку зрэагаваў металашукальнік. «Людзей прыйшлося эвакуяваць. Будынак вакзала ачапілі, з дапамогай супрацоўнікаў ДАІ перакрылі ўезд на прывакзальную плошчу, выклікалі ўсе неабходныя ў такіх выпадках службы — выбухатэхнікаў, супрацоўнікаў МНС», — паведаміў падрабязнасці першы намеснік начальніка АУСТ.

Сапёры выявілі, што ў пакеце няма нічога, што ўяўляе з сябе небяспеку. У ім знаходзіліся прадукты харчавання, у тым ліку пачак соку. Спецыялісты мяркуюць, што менавіта на гэтую ўпакоўку і зрэагаваў металашукальнік, бо ў яе вытворчасці выкарыстоўваецца фальга.

Уся аперацыя на чыгуначным вакзале заняла не больш за паўгадзіны. Затрымак цягнікоў на станцыі «Баранавічы-Палескія» не адбылося. Як паказалі камеры відэаназірання, меркаваны гаспадар пакета купіў білет і паехаў на дызельным цягніку. Высветліць яго асобу пакуль не ўдалося. Забытыя ім рэчы, паводле правіл, перададзеныя дзяжурнаму па вакзале.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?