23 сакавіка Першы канал Беларускага тэлебачаньня ў перадачы «Панарама» паказаў паўгадзінны сюжэт, прысьвечаны абвяшчэньню Беларускай Народнай Рэспублікі.

…БНР не атрымала шырокай падтрымкі, што й перадвызначыла яе падзеньне. Нягледзячы на тое, што незалежнасьць БНР пасьпелі прызнаць Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Украінская Народная Рэспубліка, Чэхаславаччына й Турцыя, у БНР цалкам адсутнічалі ўсе прыкметы дзяржаўнасьці, у тым ліку інстытуты ўлады й кіраваньня, узброеныя сілы, грашовая сыстэма…» Тым часам на экране мы бачым хроніку пачатку мінулага стагодзьдзя — шэсьце на вуліцах гораду. Вялізны натоўп. Удзельнікі рознага выгляду, падобныя да рабочых, купцоў, сялянаў. Транспаранты зь неразборлівымі надпісамі. Відэашэраг сканчаецца кадрам, дзе мы бачым на першым пляне натоўп людзей. На далёкім — рушыць (падобна, што вайсковым крокам) калёна пад бел‑чырвона‑белым сьцягам. Між калёнай і натоўпам — статычныя транспаранты, на адным зь якіх угадваецца нацыянальны сьцяг. Яшчэ адзін сьцяг мы бачым над блізкім будынкам. Ну й, канечне ж, — лягатыпы каналу, што таксама істотна.

Як можна спалучаць словы «не атрымала шырокай падтрымкі» з кадрамі масавай дэманстрацыі? Але гэта другаснае. Важней іншае: на экране няма подпісу, што гэта за кадры. Адкуль яны? Дзе зьнятыя? У якім годзе? Гэта Менск вітае абвяшчэньне БНР, ці што? Глядач пра гэта ня ведае, бо дзяржава ў выглядзе Першага каналу ня хоча, каб ён ведаў.

Дзяржава хоча манапалізаваць памяць нацыі, якой ёсьць кіно.

Падыход капіталістычнага тэлебачаньня палягае на тым, каб рабіць матэрыялы для гледачоў, прытым што слова «народ» (які й ёсьць насамрэч тымі гледачамі) выносіцца за дужкі. Але гэта ня наш выпадак. Тут тэлебачаньне вельмі любіць слова «народ», але насамрэч робіць прадукцыю толькі для аднаго канкрэтнага гледача. Між іншага, гэтым гледачом і сканчаецца сюжэт пра БНР.

Кажуць, калі зьявіўся кінэматограф, падсьвядома дзеячы прамысловасьці спалохаліся, што ў людзей адначасова расплюшчваюцца вочы — ня трэба думаць: экран паказвае праўду. Так зьявіўся гук — каб зрабіць «голас выявы» цішэй; нарадзілася тэлебачаньне. Але да адной выявы нельга прыкласьці 100000 гукаў. Захаваньне адпаведнасьці, альбо нараджэньне «трэцяга сэнсу» — вось што мы маем ад спалучэньня выявы й гуку.

У дадзеным выпадку нам кажуць, што БНР не атрымала падтрымкі, ня мела войска… Але выява (нават калі яна й ня мае дачыненьня да БНР, пра што глядач не даведаецца) у гэтым кантэксьце сьведчыць пра іншае — натоўпы людзей, маршыруе калёна, дзяржаўныя сьцягі… Без адпаведнасьці, нараджаецца «трэці сэнс». Тут‑такі: тэлебачаньне хлусіць. Але сама па сабе такая выснова досыць банальная.

Цікавасьць сытуацыі ў тым, што тэлебачаньне хлусіць не народу, а свайму адзінаму й галоўнаму гледачу. Яно паказвае заказчыку тое, што ён жадае бачыць, як кепскі рэклямшчык здымае паводле прынцыпу «абы ролік купілі», а ня дзеля таго, каб гледачы куплялі рэклямаваны тавар.

Іншыя ж — народ — зьяўляюцца толькі сьведкамі гэтага дыялёгу: «тэлебачаньне — прэзыдэнт».

Пра гэта нагадваюць іншыя кадры сюжэту — апытаньне на вуліцах Менску. «Вы ведаеце, што такое БНР?» «Не. У першы раз чую». Апытаныя таксама ўсьведамляюць, што хоча пачуць замоўца. Яны ня будуць шчырыя на экране. Замест таго, каб адлюстраваць у чароўным люстэрку душу васала, сюзэрэн мілуецца на самога сябе. Тым часам васал, магчыма, паскрэбвае амальгаму па той бок люстра.

Гледача ўжо ня зьдзівіш кадрамі паліцаяў пад бел‑чырвона‑белымі сьцягамі, якія мантажуюцца з хронікай цяперашніх дэманстрацыяў — у гэтым аўтары сюжэту пра БНР зусім не арыгінальныя. Гледача займае адно пытаньне: «што рабіць?» Імаверна, што рабіць нічога й ня трэба — пытаньне ў тым, чаго не рабіць. Не глядзець.

Аксамітная рэвалюцыя ў Чэхаславаччыне пачыналася з таго, што пражане дэманстратыўна перасталі глядзець ТБ. Падчас навінаў жыхары гораду выстаўлялі тэлевізары ў вокны й шпацыравалі тымчасам па вуліцах, размаўляючы пра што заўгодна — можа, пра тое, чаго ТБ не паказвала.

Ня быць гледачом, каб быць народам, — гэты крок самы просты. Фізычна ён зводзіцца да націсканьня чырвонай кнопкі на пульце пераключэньня каналаў. Разам з тэлевізарам выключаюцца псэўдалідэры. У цішыні гучаць новыя галасы. Хто гэта? Хто гэта? Хто гэта?

Каб даведацца, націсьні чырвоную кнопку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?