02.12.2015 / 12:34

У Мінску прайшла акцыя студэнтаў супраць увядзення аплаты за пераздачы абнаўлялася анлайн 75

Атмасфера страху — у інтэрнэце ініцыятыву падтрымалі тысячы, на вуліцу выйшла пара дзясяткаў.

12:25

Акцыя плануецца на 13:50. Раней паведамлялася, што ў 13:30 адбудзецца сустрэча рэктара БДУ Сяргея Абламейкі з моладдзю, але яна была адменена з «боязі правакацый».

Па стане на 12:25 у Міхайлаўскім скверы БДУ назіраецца некалькі дзясяткаў «асобаў у цывільным», некаторыя з навушнікамі. Раней іх было багата на акцыях, што ладзіў увосень Мікола Статкевіч.

Уваход у галоўны корпус БДУ з боку плошчы Незалежнасці зачынены. На дзвярах — паперка «Рамонт», але ў будынак пускаюць «людзей у цывільным» і міліцыю.

12:45

Прыйшла дзяўчына Ганна. Яна сказала, што навучаецца на 3-м курсе факультэта сацыялогіі і сацыяльных навук ды выступае супраць ўвядзення платных пераздачаў.

Прыйшоў таксама грамадскі актывіст Максім Вінярскі з групай таварышаў. «Вы таксама студэнт?» — спыталі журналісты. «Не, — адказаў ён. — Я даведаўся пра акцыю праз фэйсбук». 

12:49

Прыйшоў яшчэ адзін удзельнік. Яго завуць Глеб. Ён кажа, што навучаецца на 2-м курсе факультэта філалогіі і прыйшоў пратэставаць супраць самаўпраўства ўлады. У хлопца — шапка з пагоняй і бел-чырвона-белы сцяжок на сумцы. Ён прывёў двух сяброў.

Удзельнікаў-студэнтаў пакуль восем чалавек, усіх разам — з журналістамі і ціхарамі — 60.

12:58

Прыйшоў грамадскі актывіст, экс-высланец Павел Вінаградаў. Ён сказаў, што хоць не з'яўляецца студэнтам, яго абавязак — падтрымліваць любую вартую грамадскую і ініцыятыву.

12:59

Студэнтаў ужо каля 15 чалавек.

13:01

Двое міліцыянтаў падышлі да супрацоўнікаў Беларускага хельсінскага камітэта, якія назіраюць за акцыяй. Пытаюцца пра мэты акцыі і ўдзел БХК. Пакуль усё спакойна.

13:08

Прадстаўнікі міліцыі, перапісаўшы звесткі некаторых удзельнікаў, сышлі. А ўдзельнікі акцыі пакуль не ведаюць, што рабіць. Яны раздаюць адзін аднаму цукеркі.

Нацягваюць на твар шалікі. «Навошта?», — пытаюцца карэспандэнты «Нашай Нівы».

Тут ужо думкі падзяліліся. Адныя кажуць, каб іх не пазналі і не вылічылі. Іншыя кажуць, што на вуліцы халодна, каб не абмарозіцца.

13:12

Удзельнікаў акцыі ужо некалькі дзясяткаў чалавек.

Адзін з хлопцаў прыйшоў з плакатам «Наша сіла — салідарнасць, не маўчы, змагайся за свае правы».

Цікава таксама, што міліцыя адказвае журналістам па-беларуску: «Мы не складаем пратаколы, а знаёмімся».

13:25

Студэнты нечакана падарваліся і сказалі, што ім трэба зрабіць кола вакол універсітэта, цяпер яны рухаюцца ў кірунку вуліцы Бабруйскай і чыгуначнага вакзала.

13:30

Студэнты дайшлі да новага будынка Факультэта міжнародных адносін БДУ, што стаіць на рагу Ленінградскай і Бабруйскай. Ніякіх сцягоў, лозунгаў. Прахожыя са здзіўленнем глядзяць на гэту акцыю. Удзельнікаў акцыі каля 30 чалавек.

Шэсце спынілася каля бакавога ўваходу ў БДУ на вуліцы Бабруйскай, але студэнтаў у гэты ўваход не пусцілі.

13:35

Нейкі эксцэнтрычны пажылы мужчына накінуўся на відэааператара Васіля Сямашку, які вёў відэаздымку. «Не здымай мяне», — выказаў прэтэнзію мужчына.

На хлопца з плакатам складаюць пратакол.

13:52

Удзельнікі акцыі дайшлі да галоўнага ўваходу і скандуюць «Дэкан, выходзь!». Які дэкан, не зразумела.

Міліцыя складае пратаколы.

Студэнты разгарнулі банеры: «Я — частка БДУ, а БРСМ — марыянетка», банеры скруцілі.

13:57

Абстаноўка крыху нервовая. Удзельнікаў — некалькі дзясяткаў чалавек. Спрабавалі затрымаць дзяўчыну, але яе ўдалося адстаяць.

13:59

Студэнты разгарнулі дыван і скандуюць: «Рэктарат — на кавёр».

14:06

На хлопца Глеба складаюць пратакол за ўдзел у акцыі, ён адмаўляецца падпісваць, кажучы, што ў акцыі не ўдзельнічаў.

14:07

Да студэнтаў ніхто не выйшаў.

14:10

Два супрацоўнікі міліцыі — маёр і капітан — ходзяць каля студэнтаў з паперкамі, просяць назваць прозвішча і імя, а таксама год нараджэння. Нехта адмаўляецца наадрэз, а нехта называе.

14:17

Студэнты паціху разыходзяцца. Надзеі на сустрэчу з рэктарам аказаліся марнымі. 

Адна дзяўчына кажа: «Я наогул апалітычная, палітыкай не цікаўлюся, але хацела пагаварыць з рэктарам».

14:22

Вялікая колькасць студэнтаў у самім будынку галоўнага корпуса моўчкі назірае за акцыяй, што праходзіць унізе.

Студэнты, што знаходзяцца на вуліцы, пляскаюць у далоні.

14:28

Хлопцы, якія трымалі расцяжкі, сядаюць у звычайную маршрутку, іх спрабавала затрымаць міліцыя, але нічога не атрымалася.

* * *

Супольнасць #студэнтысупраць заклікала навучэнцаў спачатку прыйсці на сустрэчу з рэктарам, каб задаць пытанні, або сабрацца каля галоўнага корпуса БДУ, а затым на акцыю.

* * *

Згодна з прэйскурантам, пераздача заліку ў БДУ ацэненая ў 33—37 тысяч у залежнасці ад навуковай ступені выкладчыка, які яго прымае. Паўторны прыём іспыту — 47—53 тысячы, дзяржіспыту — 350 тысяч. Паўторнае выкананне і абарона курсавой працы танней за ўсё на першым курсе — 516—584 тысячы, даражэй за ўсё на пятым — 833—945 тысяч.

Арцём Гарбацэвіч, Мікіта Недаверкаў, Сяргей Гудзілін

0
Мікалай / Адказаць
02.12.2015 / 12:43
У БДУКМ паставілі абавязковыя куратарскія гадзіны з 12 да 13, загадам рэктара.
0
банду геть! / Адказаць
02.12.2015 / 13:03
Хунта.
0
) / Адказаць
02.12.2015 / 13:12
При Сталине обучение тоже платное было.
Паказаць усе каментары/ 75 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру