У межах чытанняў адбыліся сустрэчы духавенства са студэнтамі і круглыя сталы. На адкрыцці «Чытанняў» прысутнічаў мітрапаліт Павел. 

«Свет сёння віруе, страсці бушуюць у свядомасці кожнага чалавека, — пачаў сваю прамову патрыяршы экзарх, — паўсюль столькі супярэчнасцяў і праблем. Але ў Беларусі пануе спакой і згода. Гэта яшчэ адна прычына падумаць, ацаніць мінулыя гады, успомніць, хто стаяў ля вытокаў. Азіраючыся на гісторыю, калі Уладзімір абіраў праваслаўе галоўнай верай нашага народу, ён абраў шлях, які стаў шляхам прагрэсу і цывілізацыі».

Успомніўшы пра моладзь, мітрапаліт сказаў, што царква мусіць зрабіць усё, каб тая ўспрыняла і захавала духоўна-маральныя каштоўнасці.

Але на гэтым шляху, сказаў ён, ёсць перашкоды.

«Сёння спрабуюць нашаму народу, асабліва моладзі, навязаць новыя ідэі, якія знішчаюць наш унутраны стан і жыццё нашага народу — гэта неапаганства, якое моцна пранікае ў нашае жыццё. Гэта ўсёдазволенасць на нейкіх «добрапрыстойных» падставах — нейкай свабодзе слова, свабодзе дзеянняў. Але гэта ўсё накіравана, каб расхістаць нашыя старадаўнія ўстоі і каштоўнасці», — перакананы мітрапаліт Павел.

Гэтую ж ідэю ў сваёй прамове падтрымаў і епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніамін, заявіўшы, што перайманне Захаду набывае карыкатурны характар у выглядзе святкавання Хэлоўіна і Дня святога Валянціна.

«На Захадзе відавочны духоўны крызіс, — разышоўся епіскап Веніамін, — ён выкліканы адыходам ад жывой хрысціянскай веры».

Прычыну бездухоўнасці епіскап убачыў у «секулярным светапоглядзе», які пагражае таксама і Беларусі.

«Невытлумачальныя рэчы адбываюцца ў сучаснай адукацыі, — працягваў епіскап, — сёння мы бачым, што задача атрымання ведаў усё больш адштурхоўвае на другі план духоўна-маральнае выхаванне. І гэтыя негатыўныя тэндэнцыі мы можам спыніць толькі супольнымі намаганнямі».

Паводле епіскапа Веніаміна, ужо створаная нарматыўная база, якая дазволіць царкве і ўстановам адукацыі рознага ўзроўню перайсці ад разавых мерапрыемстваў да сістэмнай працы.

Напрыканцы свайго выступу епіскап нагадаў, што ў свой час «руская праваслаўная культура» падарыла свету геніяльныя культурныя творы. Але ж сёння, маўляў, у грамадстве дамінуе прадукцыя масавай культуры, разлічаная на «недалёкага» спажыўца.

«Новыя павевы — праект заходніх ідэолагаў», — падрымаў епіскапа Веніяміна мітрапаліт Павел.

Пасля за кафедру стаў протаіерэй Сяргей Гардун, загадчык кафедры біблеістыкі Інстытута тэалогіі БДУ, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя.

«Сёння нацыянальная свядомасць іншая, чым была сто гадоў таму, — казаў пратаіерэй, — большасць з нас упэўнена скажа: мы – беларусы. Але ці гатовая тая большасць з усёй перакананасцю сёння паўтарыць словы Багдановіча, што мы — народ рускага кораню? Ці ўсе мы ўсведамляем свой глыбінны рускі корань? Гэта істотнае пытанне, бо менавіта ў старажытнарускай дзяржаве, у Кіеўскай Русі, быў пакладзены падмурак, на якім пазней збудавалася беларуская народнасць, а яшчэ пазней — беларускі народ».

Сяргей Гардун сцвярджаў, што працэс фарміравання беларусаў адбываўся пад уплывам праваслаўя, бо яно дазваляла службы на царкоўнаславянскай мове, у той час як каталікі змушалі ўсіх да лаціны.

Айцец Сяргей Гардун дапусціў і крытыку каталікоў.

«У «лаціны» шматлікія адступленні: скажэнне сімвала веры, індульгенцыі, ужыванне солі пры хрышчэнні, — цытаваў Вялебнага Феадосія Гардун, — Феадосій казаў, што трэба быць верным, трэба быць гатовым памерці за веру і асцерагацца рознай іншавернай прапаганды».

«Калі табе скажуць, што тую ці іншую веру даў Бог, ты адказвай — хіба Бог дваяверны? Адзін Бог, адна вера, адно хрышчэнне», — зноў цытатамі казаў пратаіерэй.

Ён назваў каталікоў адказнымі за страты некаторых святыняў, звязаных з Ефрасінняй Полацкай (іконы ды іншае, гаворка пра Крыж не вялася).

Асобна пратаіерэй засяродзіўся на крытыцы Уніі — гэтая справа заняла большую частку ягонай прамовы.

«Ніводнага храма ў гонар беларускіх святых за ўніяцтвам не збудавалі», — казаў пратаіерэй.

Абурае яго тое, што ва ўніяцкі месяцаслоў унесена святкаванне памяці Іасафата Кунцэвіча (уніяцкі епіскап, забіты праваслаўнымі ў Віцебску і кананізаваны каталіцкай царквой).

«Кашчунства, што там [ва ўніятаў] служба Кунцэвічу прызначаная на два ўзроўні вышэй, чым Уладзіміру [Кіеўскаму])», — абураўся протаіерэй.

Прафесар Гардун апеляваў да Мялеція Сматрыцкага, таго перыяду, пакуль Сматрыцкі яшчэ не перайшоў у Унію.

«Уніяцтва мела на мэце дэнацыяналізацыю беларусаў, іх апалячванне і акаталічванне», — цытатамі казаў пратаіерэй Гардун.

У той жа час ён высока ацэньваў часы панавання Расійскай імперыі на беларускіх землях.

«Аб працэсе русіфікацыі многія сучасныя аўтары пішуць з абурэннем — дарма. Трэба выразна растлумачыць дзецям у школьных падручніках, што руская мова уводзілася ў якасці афіцыйнай не замест беларускай мовы (якая тады яшчэ не сфарміравала літаратурную норму) а замест польскай», — казаў протаіерэй.

Напрыканцы сваёй прамовы Сяргей Гардун працытаваў гісторыка-заходнерусіста Якава Трашчанка, што «калі б на гэтай зямлі не было праваслаўя, то не было б і беларусаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?