Служба бяспекі Украіны дасць свабодны доступ да дакументаў савецкага КДБ, абвясціў кіраўнік ведамства Васіль Грыцак.

Як распавёў кіраўнік СБУ на брыфінгу, архівы Камітэта дзяржаўнай бяспекі СССР неўзабаве будуць перададзеныя ва Украінскі інстытут нацыянальнай памяці, доступ да іх будзе давацца і грамадзянам Украіны, і замежнікам.

«Для Службы бяспекі Украіны працэс дэкамунізацыі з'яўляецца важным этапам у ачышчэнні СБУ ад рэшткаў і спадчыны савецкай карнай сістэмы», — цытуе Грыцака агенцтва «Інтэрфакс».

Юрыдычнай падставай для адкрыцця архіваў стаў падпісаны прэзідэнтам Пятром Парашэнкам у траўні «пакет законаў па дэкамунізацыі», часткай якога быў закон «Аб доступе да архіваў рэпрэсіўных органаў камуністычнага таталітарнага рэжыму 1917 — 1991 гадоў».

Як паведаміў Грыцак, СБУ атрымлівае вялікую колькасць запытаў на архіўную інфармацыю. «Мы практычна штодня атрымліваем вельмі шмат зваротаў, як ад грамадзян Украіны, так ад грамадскіх арганізацый і замежнікаў», — сказаў ён. Большая частка зваротаў паступае ад людзей, якія шукаюць сляды зніклых або рэпрэсаваных сваякоў.

Зараз у архівах СБУ захоўваецца каля 180 тысяч тамоў спраў, створаных пры савецкай уладзе.

У 2009 годзе ўкраінскія ўлады ўжо раскрылі частку архіваў савецкіх спецслужбаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?