VI Мінскі міжнародны Калядны оперны форум пройдзе ў Мінску з 16 па 20 снежня, у якім возьмуць удзел артысты з 22 краін, паведаміў 3 снежня журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Грыдзюшка. 

Пачнецца фестываль 16 снежня операй «Царская нявеста» Мікалая Рымскага-Корсакава. Галоўную жаночую партыю — Марфы Сабакінай — выканае зорка сусветнай оперы, салістка Вялікага тэатра Расіі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Венера Гімадыева.

17 снежня ў спектаклі беларускага Вялікага тэатра «Яўген Анегін», які прымеркаваны да 175-годдзя з дня нараджэння П.І.Чайкоўскага, галоўныя партыі выканаюць салісты Вялікага тэатра Расіі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў: Яўген Анегін — Андрэй Жыліхоўскі, Таццяна — Кацярына Шчарбачэнка, Ленскі — Багдан Волкаў, Вольга — Юлія Мазурава, Грэмін — Алег Цыбулька, Ларына — заслужаная артыстка Расіі Ірына Рубцова, няня — заслужаная артыстка Расіі Ірына Удалава, Зарэцкі — Валерый Гільманаў.

У пятніцу вечарам, 18 снежня, на галоўнай сцэне тэатра адбудзецца канцэрт маладых выканаўцаў La canzone italian. У канцэрце возьмуць удзел артыст Маладзёжнай праграмы Вялікага тэатра Расіі Аляксандр Раславец, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юрый Гарадзецкі, Марыя Шабуня, Ілля Сільчукоў.

19 снежня на сцэне Вялікага тэатра — опера «Кармэн», галоўную партыю ў якой выканае прымадона Нацыянальнай оперы народная артыстка Украіны Анжаліна Швачка, якая, паводле слоў Грыдзюшкі, лічыцца адной з лепшых у свеце выканаўцаў партыі Кармэн.

І завершыць калядны форум 20 снежня грандыёзны гала-канцэрт зорак сусветнай оперы з 15 краін, у ліку якіх Азербайджан, Беларусь, Балгарыя, Грузія, Латвія, Літва, Казахстан, Расія, Украіна, Чэхія, Эстонія і іншыя. У заключным мерапрыемстве возьмуць удзел вядучыя салісты Вялікага тэатра Беларусі, а таксама зоркі сусветнай оперы і пераможцы ІI Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, які пройдзе ў Мінску з 9 па 15 снежня. Рэжысёр гала-канцэрта — Міхаіл Панджавідзэ. За дырыжорскім пультам — заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, Алег Лясун.

Дырэктар Вялікага тэатра адзначыў, што многія скептыкі не верылі ў даўгавечнасць гэтага форуму. «Жыццё расставіла ўсё на свае месцы, форум працягвае жыць, фармат яго застаецца нязменным, і ў яго межах мы заўсёды паказваем свае лепшыя прэм'еры з удзелам сусетных оперных зорак, — сказаў ён. — А з мінулага года мы ўзмацнілі наш форум Калядным конкурсам вакалістаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?