Паводле неафіцыйнай інфармацыі, супрацоўнікамі КДБ затрыманы першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Максіменка, генеральны дырэктар ААТ «Гомельскі мясакамбінат» Рычард Стэфановіч і іншыя службовыя асобы. Затрыманне звязана з махінацыямі з мясам.

Пакуль праваахоўныя органы не каментуюць затрыманне. У прыёмнай першага намесніка старшыні аблвыканкама адказваюць, што Аляксандр Максіменка ў камандзіроўцы і будзе на месцы на наступным тыдні. Інфармацыю пра затрыманне сакратар назвала чуткамі. У прыёмнай мясакамбіната адказалі, што Рычард Стэфановіч будзе на працы ў панядзелак.

У маі 2014 года СК затрымаў у Гомелі па падазрэнні ва ўчыненні шэрагу карупцыйных злачынстваў першага намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Банчука і намесніка аблвыканкама Віктара Трызну. Зараз у дачыненні да іх Магілёўскі абласны суд разглядае крымінальную справу. Злачынствы, якія інкрымінуюцца ім, таксама звязаныя з махінацыямі з мясам, якое прадавалася ў Расію без перадаплаты, і мясакамбінаты Гомельскай вобласці панеслі страты. Намеснік старшыні аблвыканкама лабіраваў інтарэсы свайго сына і расійскіх камерцыйных структур.

На пасаду новага першага намесніка старшыні замест Віктара Банчука пасля яго затрымання быў прызначаны Аляксандр Максіменка.

Гомельскі мясакамбінат не першы раз трапляе ў карупцыйныя скандалы. Так, у 2012 годзе трапіў пад крымінальны пераслед генеральны дырэктар мясакамбіната і яшчэ 28 чалавек. Яны абвінавачваліся ў крадзяжы мясной прадукцыі. Па справе праходзілі 29 чалавек — ад генеральнага дырэктара да забойшчыка жывёлы. Крымінальныя справы былі распачатыя, у прыватнасці, у дачыненні да начальнікаў цэхаў, эканамістаў, намеснікаў дырэктара, загадчыкаў сталовай і магазінам, а таксама трох міліцыянераў. 

Былы дырэктар, які ўзначальваў прадпрыемства з 1989 года, абвінавачваўся ў стварэнні арганізаванай групы для ўчынення злачынстваў. Абвінавачваныя атрымалі розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?