У сталічным гатэлі «Беларусь» 3 снежня прайшла канферэнцыя пад гучнай назвай «Усходняя Еўропа паміж бяспекай і супрацьстаяннем», якую арганізаваў «Кансерватыўны цэнтр «Номас».

У прынцыпе, аб чым будзе ісці гутарка на канферэнцыі можна было здагадацца. «Номас» пазіцыянуе сябе як распрацоўшчыка аўтэнтычнага беларускага светапогляду на базе традыцыйных каштоўнасцей, але на справе даўно спаборнічае з такімі суполкамі, як «Цытадэль», у барацьбе за фінансаванне з расійскіх фондаў. 

Выказаць свой клопат аб Усходняй Еўропе сабралася каля 30 чалавек. Некалькі спікераў, з Расіі, Беларусі і Украіны, пара-тройка журналістаў і госці, накшталт Вадзіма Ялфімава — гісторыка, які вёў «ідэалагічна правільны» блог на сайце БелТА.

Спікеры адзін ад аднаго не надта адрозніваліся. Сяргей Рэкеда, расейскі гісторык, рэдактар парталу rubaltic.ru (на якім ужо поўным ходам выходзяць матэрыялы пра «турэцкі ўдар у спіну»), паскардзіўся, што Еўропа не хоча прызнаваць Еўразійскі саюз суб’ектам міжнароднай палітыкі, а на ўсходніх партнёраў ЕС звяртае ўвагу толькі тады, калі яму штосьці патрэбна, напрыклад дапамога ў барацьбе з тэрарыстамі.

Эстафету падхапіў Антон Дзянісаў, дацэнт кафедры паліталогіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, з дакладам пад назвай «Балта-Чарнаморскі альянс як магчымая геапалітычныя пагроза для рэгіёна».

Антон Дзянісаў.

Антон Дзянісаў.

Ён трохі папалохаў удзельнікаў «Праектам Міжмор’е» — альянсам славянскіх і прыбалтыйскіх дзяржаў, размовы пра які вяліся яшчэ з часоў Пілсудскага. Праўда, сам Дзянісаў прызнаў, што «Міжмор’е» сёння — проста інфармацыйна-маркеталагічны мем. Але ж, па яго словах, ідэі «новага ВКЛ» ці «новай Рэчы Паспалітай», як называлі «Міжмор’е», набываюць папулярнасць і могуць нават паўплываць на палітычны курс Беларусі. Бо асноўная мэта таго «Міжмор’я», на думку Дзянісава, — накіраванасць супраць Расіі. Таксама ён заклапоціўся тым, што сёння ў Беларусі існуе вялікая праслойка маладых, актыўных людзей, якія добра зарабляюць і шмат бываюць за мяжой і якія схільныя менавіта да ідэй «Балта-чарнаморскага альянса», а не Еўразійскага саюза. Таму трэба скіроўваць на гэтую групу інфармацыйную працу па папулярызацыі таго Еўразійскага саюза. Да таго ж, паскардзіўся Дзянісаў, гэтая моладзь не ходзіць на выбары, бо яны маюць добры заробак, таму «ім не трэба набыць у буфеце штосьці таннейшае», а адміністратыўны ціск на іх не паўплывае, бо яны не бюджэтнікі.

Далей усё было тое самае: сур’ёзныя мужчыны, выкруціўшы пафас на максімум, па чарзе расказвалі адзін аднаму, які дрэнны Захад і які добры Еўразійскі саюз.

Расейскі палітолаг Вячаслаў Сутырын, сталы эксперт праекта з ФСБшнымі каранямі, пад назвай «ІМХО-клуб», прадказаў Беларусі светлую будучыню ў межах Еўразійскага саюза.

Мікалай Кацюк, малады украінец, член «Саюза праваслаўных журналістаў Украіны», таксама заняўся прадказаннем будучыні. На яго думку, хутка ў жыццё чалавека прыйдуць нанатэхналогіі, любую рэч можна будзе надрукаваць на хатнім 3D-прынтары, заплаціўшы за яе чарцёж, які дашлюць праз інтэрнэт. Аднак, па яго словах, гэта не тычыцца Усходняга рэгіёна — тут вытворчасць стаіць на ўзроўні 1940 года ва ўсіх краінах, акрамя Беларусі. Вакол бяда: вытворчасці станкоў нідзе няма, а тая ж Прыбалтыка — краіна анлайн-гастарбайтэраў. Таму, калі краіны не аб’яднаюцца для тэхналагічнага прарыву, то ў будучыні мясцовае насельніцтва будзе зайдросціць тым, хто жыве пад Ісламскай Дзяржавай, упэўніў Кацюк.

Злева направа: Мікалай Кацюк, Пятро Пятроўскі, Вячаслаў Сутырын.

Злева направа: Мікалай Кацюк, Пятро Пятроўскі, Вячаслаў Сутырын.

Аляксей Дзермант — куды ж без яго — распавёў пра «дыскусіі ў кулуарах Еўрапарламента, якія вядуцца ў рэжыме найстражэйшай сакрэтнасці», прысвечаныя ўмовам Усходняга партнёрства. Адкуль сам ён даведаўся пра іх змест, Дзермант удакладняць не стаў.

Не ўстрымаўся ад тэхналагічных прагнозаў і ён: на думку Дзерманта, ужо праз 10—15 гадоў грузавікі будуць друкаваць на гіганцкіх 3D-прынтарах у пустынях, а заводы накшталт МАЗа будуць нікому не патрэбны. Канечне, пра гэта непасрэдна зараз дамаўляюцца вялікія карпарацыі ЗША.

Выступ апошняга спікера, расейскага палітолага Уладзіміра Кірэева, стаў сапраўднай вішанькай на гэтым торце абсурду. Калі іншыя ўдзельнікі скланялі ЕС і ЗША яшчэ больш-менш асцярожна, то Кірэеў адразу выклаў на стол усе свае карты. Усё кантралюе Амерыка, казаў гэты. Канфлікт ва Украіне справакавала Амерыка. Праводзіцца генеральная лінія па ізаляцыі Расіі. Хто яе праводзіць? Амерыка! Ну яшчэ трошкі Еўропа, але таму, што ёй кіруе Амерыка. Рынкі Расіі і Кітая хочуць разваліць. Хто? Амерыка!

Далей пайшло па нарастаючай: ва Украіну перакідваюць баевікоў Ісламскай Дзяржавы. Там яны атрымліваюць пашпарты і едуць у Еўропу. І гэтак далей.

Скончыў Кірэеў прыгожа, заявіўшы, што, як краманьёнец сваімі вынаходніцтвамі «знішчыў іншыя канкурэнтныя віды людзей», так і сёння Амерыка сваёй тэхналагічнай перавагай можа «паставіць пытанне аб знішчэнні сваіх апанентаў, як тых, хто нічога не можа супрацьпаставіць гэтай перавазе».

Затым аб’явілі паўзу на каву, пасля якой, па выразе Пятроўскага, павінна была адбыцца дыскусія ўдзельнікаў, на якой выказаныя думкі будуць «адпаліраваныя». На шчасце, паліроўкай вырашылі займацца за зачыненымі дзвярыма, і журналістаў папрасілі сысці. Непасрэдна ў мяне такое рашэнне арганізатараў выклікала самую шчырую ўдзячнасць – канспіралагічнага шаленства і так было ўжо занадта для аднаго вечара.

На развітанне лідар «Номасу» прапанаваў усім ахвотным бясплатна захапіць з сабой кнігі «Экспертны даклад. Экстрэмізм ва украінскай палітыцы, грамадстве, СМІ і сілавых структурах». На вокладцы быў фотаздымак брытагаловага мацака ў камуфляжы. На руцэ ў яго была эмблема «Правага сектара», за спінай лунаў украінскі сцяг.

«Досыць з мяне экспертаў», — падумалася мне. 

 Кніжку я браць не стаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?