Вакол Міністэрства абароны Украіны спее чарговы скандал з ведамаснымі ўзнагародамі: вайскоўцы, якія праходзяць службу ў зоне АТА, сталі атрымліваць памятныя нагрудныя знакі «Абаронцу Украіны» і выявілі, што на іх намаляваны расійскі салдат з вінтоўкай «Вінтарэз» і танкам Т-90.

Публічна пытанне было ўзнятае ўчора валанцёрам Р. Сініцыным:

«Намеснік міністра абароны Гусеў Юрый Веніямінавіч узнагародзіў байцоў у зоне АТА «памятнымі знакамі», на якіх салдаты адразу пазналі расійскі асноўны баявы танк Т-90 «Уладзімір» (не стаіць на ўзбраенні ва ўкраінскай арміі) і постаць з расійскай вінтоўкай ВСС «Вінтарэз» (не прынята на ўзбраенне ўкраінскай арміі). Салдаты з зоны АТА просяць перадаць паважанаму намесніку міністра, што яны яго жарт з гэтым значком ацанілі, і просяць апублікаваць фота, каб паржалі і астатнія».

Мінабароны Украіны бліжэй да поўначы выступіла з гнеўным адказам:

«Кіраўніцтва Міністэрства абароны Украіны катэгарычна абвяргае інфармацыю, якая была апублікаваная ў СМІ пра нібыта выяву на Памятным нагрудным знаку «Абаронца Украіны» сімволікі Расійскай Федэрацыі.

Тлумачым грамадскасці наступную інфармацыю. Указаны Памятны нагрудны Знак быў выраблены з нагоды святкавання Дня Узброеных Сіл Украіны. На Знаку — дзяржаўная сімволіка краіны: Дзяржаўны Сцяг Украіны, Знак Міністэрства абароны Украіны, таксама намаляваны вышыты ручнік, як сімвал моцнай украінскай сям'і.

На памятным нагрудным знаку змешчаны зборны вобраз мужнага воіна — абаронцы Украіны. Таксама на Памятныя нагрудным знаку знаходзіцца танк Т-72 з характэрнымі прыкметамі: каткамі, гусеніцай, корпусам, а таксама 125 мм танкавай гарматай, як вядома, танк Т-72 знаходзіцца на аснашчэнні Узброеных Сіл Украіны. Побач з танкам выява вайскоўца Узброеных Сіл Украіны войскаў спецыяльнага прызначэння, які экіпіраваны і апрануты ў форму ўзору Узброеных Сіл Украіны, у руках вайскоўца зброя, якая маецца на ўзбраенні ў падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння і разведкі ўкраінскага айчыннага ведамства.

Вайскоўцы Мінабароны абураныя паклёпніцкімі публікацыямі, якія тыражуюцца ў апошні час у некаторых СМІ пра нібыта выяву на Знаку сімволікі Расіі. Такая інфармацыя размяшчаецца напярэдадні свята з мэтай дыскрэдытацыі ВСУ, апаганьваньня аўтарытэту кіраўніцтва абароннага ведамства і дэмаралізацыі асабовага складу. Ініцыятары размяшчэння і распаўсюджвання паклёпніцкіх публікацый дзейнічаюць з мэтай падрыву даверу грамадства да Узброеных Сіл Украіны».

Аднак адзін з валанцёраў, якія займаюцца пастаўкамі рыштунку часткам спецыяльнага прызначэння ВСУ, сцвярджае, што ВСС «Вінтарэз» ніяк не можа быць сімвалам арміі Украіны:

«Мяне не так знерваваў ляп з новым узнагародным значком, як нізасць ў афіцыйным адказе-«аспрэчанні» МА… Такім чынам, не буду нічога казаць пра танк, не разбіраюся… накаленнікі, балаклава, пахвінная пліта на броніку і вядома ж — легендарны ВСК. Што з гэтага з'яўляецца «сімвалам» ўкраінскага героя? Нічога!

Так, сапраўды, ВСК або Вінтарэз у мізэрных колькасцях ёсць у нашых спецслужбах, але з-за адсутнасці БК практычна не выкарыстоўваецца. Ды і калі казаць пра сімвалы, то гэты ствол сапраўды стаў знакам расійскай інтэрвенцыі, бо менавіта гэта зброя з'яўляецца самай прыкметнай і характэрнай у варожых спецоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?