Апостальскі нунцый у в. Масцішча Валожынскага раёна, дзе жыве ўсяго адна верніца, фота catholic.by

Каталіцкі касцёл, Папа Францішак вельмі паважаюць беларускі народ. Пра гэта заявіў апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыа Гуджэроці 4 снежня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Сустрэча адбылася з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі.

Клаўдыа Гуджэроці шчыра падзякаваў кіраўніку Беларусі за добрыя словы ў свой адрас і за магчымасць сустрэчы. «Для мяне вялікі гонар сустракацца з вамі, і гэта не ў першы раз. Мы гаварылі заўсёды вельмі шчыра. Мы адчуваем, што любім гэты народ. Любоў азначае, што ўсё можна казаць і сардэчна разумець адзін аднаго. Важна ўсё рабіць ад сэрца», - сказаў апостальскі нунцый.

Пры гэтым ён заўважыў: «Мне сумна, я кажу вам гэта адкрыта, бо мне тут было добра жыць і працаваць».

Апостальскі нунцый падкрэсліў, што ён шмат ездзіў па Беларусі, яго шмат запрашалі, і не толькі ў вялікія гарады, але і маленькія населеныя пункты. Ён з цеплынёй успомніў пра сваё наведванне Віцебска і Гродна.

«Асабліва цікава было для мяне, калі я сустракаўся са звычайнымі людзьмі. Спадзяюся, што я змог даць хоць крышачку цяпла і паказаць, што Каталіцкі касцёл, Папа вельмі паважаюць беларускі народ. І не толькі паважаюць, але і любяць гэты сціплы, вельмі добры беларускі народ», - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Клаўдыа Гуджэроці поспехаў і выказаў меркаванне, што апостальскі нунцый многае з беларускага досведу зможа перанесці на новае месца сваёй дзейнасці [ва Украіне].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?