04.12.2015 / 14:31

Банкір: Ва ўкладчыкаў няма вялікай матывацыі захоўваць рублёвыя дэпазіты 5

Рублёвыя дэпазіты ў банкаўскай сістэме зніжаюцца, паколькі ва ўкладчыкаў сёння няма вялікай матывацыі захоўваць зберажэнні ў нацыянальнай валюце. Такое меркаванне выказаў член праўлення аднаго з камерцыйных банкаў.

Фота Вадзіма Заміроўскага

Каментуючы прычыну пастаяннага адтоку рублёвых укладаў у апошнія месяцы, топ-менеджар банка звярнуў увагу, што сённяшнія ўмовы размяшчэння дэпазітаў не здаюцца насельніцтву прывабнымі. 

«Раней людзі канверсавалі замежную валюту ў рублі, паколькі гэта было вельмі выгадна. Сёння, калі стаўкі знізіліся, рублёвы дэпазіт перастаў быць інструментам хуткага прымнажэння сродкаў», — адзначыў банкір. 

Акрамя таго, паводле яго слоў, зніжэнне аб'ёмаў укладаў абумоўленае адносна высокай спажывецкай актыўнасцю насельніцтва. 

«Зарплаты ў краіне ўжо працяглы час не растуць. У той жа час спажыванне сёння значна вышэйшае, чым даходы. Адбіваецца сезонны фактар — кожны тыдзень магазіны праводзяць «чорныя пятніцы». У снежні такая сітуацыя захаваецца — спажыванне застанецца на высокім узроўні, людзі будуць увесь месяц купляць падарункі да Новага года», — мяркуе топ-менеджар. 

Зніжэнне рублёвых укладаў у лістападзе, лічаць банкіры, было абумоўленае ў тым ліку тым, што набыў моц дэкрэт № 7. У адпаведнасці з ім усе ўклады ў краіне былі падзеленыя на адзыўныя і безадзыўныя — апошнія насельніцтва не можа забраць з банка да заканчэння тэрміну размяшчэння грашовых сродкаў. 

«Мы чакалі пасля гэтага пэўны адток укладаў насельніцтва, ацэньвалі яго ў 10% да рэсурснай базы банкаў, гэта значыць 3 трлн. рублёў. Да гэтага часу адток адбыўся на трыльён рублёў, а ўклады ў замежнай валюце знізіліся ўсяго на 60 млн. долараў пры іх агульным аб'ёме 8 млрд. долараў», — апісаў сітуацыю пасля набыцця моцы дэкрэтам першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны, выступаючы 3 снежня ў парламенце. 

Прадстаўнікі камерцыйных банкаў пацвердзілі, што адток укладаў у лістападзе насіў плаўны характар і вялікага ажыятажу сярод насельніцтва дэкрэт № 7 не выклікаў. «Масава, каб людзі ішлі забіраць уклады, — няма такога», — падкрэсліў суразмоўца. 

0
Мiкалай / Адказаць
04.12.2015 / 15:05
Аб якiм зберажэннi можа iсцi размова, калi стаўка па дэпазiтах меньш адсоткаў росту курса даляра, па валютных дэпазытах ёсць рызыка нявыдачы, як кажа Аляксандр Рыгоравiч, "iмем рэвалюцыi"
0
Гость / Адказаць
04.12.2015 / 15:20
Меньше триллиона отток, а сколько приток ?
0
Мордехай В. / Адказаць
04.12.2015 / 17:49
АПЕК будзе дабываць больш нафты, абганяючы адзін аднаго. Амерыканцы павысяць стаўку рэфінансавання. Стабільнасць рубля? Нават ня думайце.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру