4 снежня набыў законную моц прыгавор у дачыненні да непрацуючага жыхара Баранавіцкага раёна за інтымную сувязь з дзяўчынкай-падлеткам. 

Як паведаміў старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры,

у верасні 2012 года 32-гадовы мужчына сустрэў на дыскатэцы ў сваёй вёсцы 14-гадовую аднавяскоўку і прапанаваў ёй пакатацца на аўтамабілі. На ўскраіне вёскі ён спыніў машыну і ўступіў з дзяўчынкай у інтымныя адносіны. Са слоў асуджанага і пацярпелай, гэта адбылося па ўзаемнай згодзе. 

У канцы мая 2013 года непаўналетняя вяскоўка нарадзіла дачку і нікому не гаварыла, хто бацька дзіцяці. 

Крымінальная справа ў дачыненні да мужчыны была распачатая пасля таго, як у ліпені 2015 года пацярпелая расказала аб усім сваёй маці. У ходзе расследавання ўстаноўлена, што ён з'яўляецца біялагічным бацькам дзіцяці. 

27 кастрычніка 2015 года суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў мужчыну вінаватым па ч.1 арт. 168 КК (палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, а таксама да штрафу ў 200 базавых велічынь (36 млн. рублёў). 

У судовым пасяджэнні абвінавачваны не прызнаў сваёй віны і заяўляў, што не ведаў, колькі гадоў аднавяскоўцы. 

4 снежня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула без змянення асноўнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, выключыўшы па пратэсту пракуратуры дадатковае — штраф, які не быў прадугледжаны гэтым артыкулам крымінальнага кодэкса на момант учынення злачынства. 

Раней мужчына быў шэсць разоў судзімы, у тым ліку за наркотыкі, махлярства, угон аўтамабіля і крадзеж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?