Па сярэднім заробку Беларусь займае ў Еўропе трэцяе месца з канца, ён меншы толькі ва Украіне і Малдове.

350 еўра «бруднымі» – тое, што магла прапанаваць беларуская эканоміка ў кастрычніку.

З адваротнага боку рэйтынгу Швейцарыя і Нарвегія. У скандынаўскай краіне сярэдні заробак амаль дасягае 4500 еўра. Гэта ў 12 разоў больш, чым у Беларусі!

Вядома ж, цэны таксама не ў прыклад беларускім. Касмічныя цэны на тавары і асабліва на паслугі ў Нарвегіі – не міф. Але ці захоўваецца тая самая прапорцыя – 12:1 – у цэнах?

Для параўнання мы перапісалі цэны ў адной з крамаў нарвежскай сеткі «Ківі». Пад такім брэндам працуе больш за 500 супермаркетаў. «Ківі» лічыцца адной з самых танных сетак, у Беларусі яе адпаведнікам можна назваць «Еўраопт».

Тыповая крама «Ківі» ў Лілехамеры – мястэчку на 25 тысяч чалавек, якое праславілася зімовай Алімпіядай.

Такім чынам, на колькі нарвежскія прадукты даражэйшыя?

Прадукт Цана ў Нарвегіі Цана ў Беларусі Розніца
Рыс, 1 кг 16 500 9900 1,7 разу
Спагеці, 1 кг 19 100 9300 2,1 разу
Яйкі, 10 шт 65 800 15 900 4,1 разу
Малако, 1 л 25 300 7500 3,4 разу
Курынае філе, 1 кг 220 400 62 000 3,6 разу
Бананы, 1 кг 35 100 16 900 2,1 разу
Вінаград, 1 кг 72 500 44 900 1,6 разу
Яблыкі, 1 кг 62 100 14 300 4,3 разу
Ліптан, 25 пакецікаў 51 000 23 900 2,1 разу
Нэскафэ Gold, 95 г 102 900 66 000 1,6 разу
Яблычны сок, 2 л 27 000 23 500 1,1 разу

З адвольна ўзятага спісу няма ніводнага тавару, які б у Нарвегіі быў таннейшым. Амаль зраўняўся па цане беларускі і скандынаўскі нектар. Невялікая розніца і ў крупах. Гэтыя тавары прадаваліся ў Нарвегіі па акцыі «першая цана». Калі дачакацца зніжак на іншыя тавары, можна харчавацца даволі танна.

Бляшанка кашачых кансерваў па «Першай цане» каштуе роўна 10 тысяч рублёў (1 нарвежская крона — 2129 беларускіх рублёў). Паліцы абсталяваныя электроннымі цэннікамі. Да Беларусі гэтае ноу-хау толькі дабіраецца.

Найбольшая розніца ў цэнах на мясную і малочную прамысловасць. У Нарвегіі, як і ў большасці краін Еўропы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы не маюць датацый ад ураду. Але нават на іх прадукцыю розніца цаны не перавышае 5 разоў, тады як розніца заробкаў – 12 разоў…

Піва прадаецца ў дробных бляшанках, па 0,33 л. Каштуе каля 21 тысячы рублёў.

Пры гэтым нават у дарагіх краінах можна знайсці тавары, якія за кошт кліматычных умоваў і асаблівасцяў рынку становяцца звышдаступнымі. Напрыклад, у рыбнай Нарвегіі замарожаныя крэветкі можна набыць усяго за 95 тысяч рублёў за кілаграм.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?