Hans‑Gert Pottering

«Выкарыстаньне беларускімі ўладамі гвалту супраць мірных дэманстрантаў і ціск на незалежных журналістаў супярэчаць фундамэнтальнаму праву на свабоду слова і выказваньня і несумяшчальныя з асноўнымі дэмакратычнымі правамі», — заявіў сёньня кіраўнік Эўрапарлямэнту Ганс‑Герт Пётэрынг.

Ён выказаў сваю моцную заклапочанасьць з нагоды таго, што затрыманыя актывісты апазыцыі, якія ўзялі ўдзел у мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка, і журналісты былі пакараныя арыштамі да 15 сутак або вялізарнымі штрафамі. Кіраўнік Эўрапарлямэнту таксама абураны тым, што КДБ пачаў перасьлед незалежных журналістаў.

«Я рашуча асуджаю палітычна матываваныя затрыманьні і расправу зь беларускімі грамадзянамі, якія мірна выказваюць сваю прыхільнасьць да каштоўнасьцяў свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека. Эўрапейскі парлямэнт выказвае сваю салідарнасьць з усімі, хто абараняе свабоду і дэмакратыю», — зазначыў Ганс‑Герт Пётэрынг.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Фота poettering.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0