У Мінску 7 снежня пабіты тэмпературны рэкорд дня, паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.

«Тэмпература паветра ў Мінску сёння перасягнула 8 градусаў цяпла, пакуль гэта максімальная тэмпература, якая была зафіксавана 7 снежня за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Папярэдні рэкорд зафіксаваны ў 2006 годзе, тады паветра прагрэлася да плюс 7,3 градуса», — адзначыла Святлана Рыбакова.

Паводле слоў галоўнага сіноптыка Гідрамета, абсалютны максімум снежня зафіксаваны 5 і 6 снежня 1961 года і склаў 10,3 градуса цяпла. А самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў у Мінску стаў снежань 2006 года, калі сярэдняя тэмпература па месяцы склала 2,6 градуса цяпла пры норме мінус 4.

Цёплае надвор'е ўтрымліваецца на тэрыторыі Беларусі ўжо на працягу трох дзён, яно на 6-10 градусаў вышэй за кліматычную норму.

Як паведамлялася, цяперашняя зіма ў Беларусі чакаецца цёплай, тэмпература паветра будзе на 1-2 градусы вышэй за кліматычную норму. Сярэдняя тэмпература паветра ў снежні будзе на 1 градус вышэй за кліматычную норму (норма - 2-5 градусаў марозу). Колькасць ападкаў чакаецца крыху большай за норму, па поўдні — каля нормы (32-44 мм).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?