28 сакавіка зь Менска ў Каракас адправіцца экспэдыцыя, якая сумесна з вэнэсуэльскімі альпіністамі зьдзейсьніць узыходжаньне на найвышэйшую гару гэтай краіны ‑‑ пік Балівара.

Дэвіз экспэдыцыі — «Спэцназы сяброўскіх краін у барацьбе зь міжнародным тэрорам». У складзе беларускай каманды, апроч вядомых і дасьведчаных альпіністаў, будуць таксама прадстаўнікі БФСТ «Дынама», унутраных войскаў МУС, КДБ, Cлужбы бясьпекі, cпэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня.

Павінен быў узьняцца на пік Балівара і вялікі сябра беларускай апазыцыі Дзьмітры Паўлічэнка. Прынамсі, ягонае прозьвішча было ў першапачатковым сьпісе, але потым зь нейкай прычыны Паўлічэнку выкрасьлілі. Магчыма, у найбліжэйшы час ён будзе больш патрэбны на радзіме.

Экспэдыцыя прымеркавана да 85‑годзьдзя «Дынама» і будзе доўжыцца 20 дзён. За гэты час беларусы правядуць некалькі трэніровак з вэнэсуэльскімі альпіністамі, а потым пачнуць узыходжаньне на пік Балівара, вышыня якога складае 5 007 мэтраў над узроўнем мора.

Беларускія навіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0