28.03.2008 / 13:15

Прэзыдэнт Балівіі падпісаў кантракт з футбольным клюбам «Літараль»

Кіраўнік дзяржавы абраў для сябе 10‑ы нумар і будзе выступаць на пазыцыі левага форварда.


Маралес забівае гол

47‑гадовы прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес (Evo Morales) падпісаў кантракт з футбольным клюбам «Літараль», які выступае ў чэмпіянаце сталіцы Ла‑Пасе, у якасьці палявога гульца.

Кіраўнік дзяржавы абраў для сябе 10‑ы нумар і будзе гуляць на пазыцыі левага форварда.

«Літараль» — клюб паўпрафэсійны. Ён змагаецца за права выступаць у першай лізе краіны. Спонсарам выступае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі Балівіі.

Такім чынам Маралес вырашыў прыцягнуць увагу грамадзкасьці да абмежаваньняў на правядзеньне футбольных матчаў ва ўмовах высакагор’я. У пачатку сакавіка ФІФА ратыфікавала дакумэнт, згодна зь якім на гульні на вышыні звыш 3 000 мэтраў каманды павінны прыяжджаць за два тыдні да пачатку, каб пасьпець акліматызавацца. Фактычна гэта забарона на міжнародныя матчы ў Балівіі, бо ў календары такія паўзы не прадугледжаныя.

Маралес спрабуе дабіцца адмены гэтага закону, які, на яго думку, парушае правы чалавека. Маралеса падтрымаў Дыега Марадона, які нядаўна ўзяў удзел у таварыскай гульні на стадыёне Hernando Siles (3600 мэтраў над ўзроўнем мора) разам з балівійскім прэзыдэнтам. Эва Маралес, дарэчы, стаў аўтарам аднаго з галоў у гульні.

Паводле newsru.com

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру