Учора пачаўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў В’етнам. Гэта першая паездка кіраўніка краіны ў пяты тэрмін.

За дзевяць месяцаў сёлета Беларусь і В’етнам нагандлявалі на 107 мільёнаў даляраў. Прыкладна столькі ж, як з Аўстрыяй ці Балгарыяй. Беларусь мае станоўчае сальда ў гандлі з В’етнамам ў памеры 57 мільёнаў.

Мы паглядзелі, што ж незвычайнага з в’етнамскіх тавараў закупляе Беларусь. Вядома, тут гаворка не пра арахіс ці гарбату.

1. Сом

В’етнам з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком сома ў Беларусь. Дакладней, экспартуюць гэтую рыбіну яшчэ толькі расейцы. Сёлета Беларусь набыла ў В’етнама замарожанага сома на суму 53 тысячы даляраў, а філе сома аж на 687 тысяч. Два гады таму Лукашэнка расказваў, як злавіў на Прыпяці 57-кілаграмовага сома. Цяпер тое самае ён можа паспрабаваць паўтарыць на Меконгу.

2. Гуркі і карнішоны

Сёлета мы закупілі ў В’етнаме марынаваных гуркоў і карнішонаў на 67 тысяч даляраў. Больш пастаўляе толькі Індыя.

3. Карыца і куркума

Карыцу (ці цынамон) Беларусь закупляе ў асноўным у Расіі і Інданэзіі. Але купляе часам і ў В’етнама, і ў Мадагаскара. У В’етнама сёлета накуплялі амаль на 2,5 тысячы даляраў.

А вось іншых спецыяў – куркумы – Беларусь набыла ў В’етнаме аж на 100 даляраў, але нават такія звесткі зафіксаваныя ў лічбах Нацыяльнага статыстычнага камітэта.

4. Соевы соус

Не Японія і не Кітай, а менавіта В’етнам з’яўляецца галоўным пастаўшчыком у Беларусь гэтак любімага многімі соевага соуса. В’етнам прадаў нам гэтага прадукта на 278 тысяч даляраў (242 тоны), а Японія – толькі на 23 тысячы (16 тон).

5. Тэнісныя ракеткі

Цалкам можа быць, што сёння будучыя Вікторыі Азаранкі і Максімы Мірныя трэніруюцца якраз з ракеткамі в’етнамскай вытворчасці. Больш ракетак прыходзіць толькі з Кітая і Расіі.

6. Слановая косць

А тут В’етнам увогуле фактычна ўнікальны экспарцёр. Слановую косць нам прадае яшчэ толькі Індыя. У краіны Хо Шы Міна мы набылі гэтага прадукта сёлета на 5,5 тысячы даляраў.

7. Парыкі і бароды з чалавечых валасоў

Простыя людскія валасы нам пастаўляе ў асноўным Інданэзія. А вось ужо гатовыя парыкі, бароды і вейкі з чалавечых валасоў ідуць з Расіі, Кітая і В’етнама. Летась Беларусь набыла ў апошняга такой прадукцыі на 8,9 тысяч даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?