Беларускі ПЭН-цэнтр і дабрачынны фонд «Вяртанне» заснавалі новую літаратурную прэмію — імя Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, паведамілі ў пісьменніцкай арганізацыі.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца кнігі, якія выйшлі ў бягучым годзе на беларускай мове. Журы прэміі назаве імёны лаўрэатаў у дзвюх намінацыях — «Найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў» у прозе, паэзіі або драматургіі, а таксама «Найлепшае мастацкае афармленне кнігі» за ілюстрацыі.

У кожнай намінацыі будзе толькі адзін пераможца, заахвочвальных прызоў не прадугледжана. Лаўрэаты прэміі атрымаюць грашовы прыз у беларускіх рублях, эквівалентны 2 тысячам даляраў.

Падрабязная інфармацыя пра падачу заявак на ўдзел у конкурсе і прэмію ў цэлым апублікаваная на афіцыйным сайце ciotka.by.

Імёны лаўрэатаў першай прэміі імя Цёткі будуць названыя вясной 2016 года.

Як адзначылі ў ПЭН-цэнтры, «апекуном» прэміі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў была абраная беларуская паэтка, публіцыстка і грамадская дзяячка канца XIX — пачатку XX стагоддзя Алаіза Пашкевіч, найбольш вядомая пад псеўданімам Цётка.

У свой час Пашкевіч стварыла першую беларускую школу ў Вільні, запусціўшы тым самым масавую беларускамоўную адукацыю. Выступала рэдактаркай часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка». Яе аўтарству належыць кніга «Першае чытанне для дзетак беларусаў».

Першая прэмія імя Цёткі будзе ўручаная ў год, калі споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч і 110 гадоў з выхаду «Першага чытання для дзетак беларусаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?