Імя прадстаўніка Беларусі на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2016» гледачы назавуць 22 студзеня. Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, фінальнае шоу пройдзе ў фармаце тэлевізійнага канцэрта ў жывым эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

Упершыню пераможцу нацыянальнага адбору вызначаць гледачы з дапамогай тэлефоннага і смс-галасавання ў час трансляцыі шоу. Пераможца праекта будзе афіцыйным прадстаўніком Беларусі на конкурсе песні «Еўрабачанне-2016», які на гэты раз пройдзе ў Швецыі.

Сёння ў медыяхолдынгу была вызначана чарговасць выступленняў фіналістаў. Па выніках праведзенай жараб'ёўкі, канкурсанты выступяць у наступным парадку: 1. Аляксей Грос; 2. Саша Захарык; 3. Валерыя Садоўская; 4. група «Радыёхваля»; 5. гурт THE EM; 6. гурт NAVI; 7. Саша Іваноў; 8. Настасся Малашкевіч; 9. Кірыл Ермакоў; 10. NAPOLI.

Адразу пасля жараб'ёўкі ў Белтэлерадыёкампаніі адбылася рабочая сустрэча арганізатараў праекта з выканаўцамі, на якой былі абмеркаваны некаторыя аспекты падрыхтоўкі і правядзення фінальнага шоу, а таксама юрыдычныя пытанні супрацоўніцтва медыяхолдынга з канкурсантамі.

У бліжэйшыя дні творчая група праекта пачне здымаць візіткі для кожнага з 10 фіналістаў. Арганізатары пакуль не раскрываюць усіх тайн канцэпцыі здымак, аднак, паводле задумы рэжысёрскай групы, візітныя карткі будуць максімальна набліжаны да фармату міжнароднага «Еўрабачання».

Візіткі будуць транслявацца ў эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24» як напярэдадні фіналу, так і непасрэдна ў час гала-канцэрта.

Арганізацыю нацыянальнага адборачнага тура і далейшую падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016» ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?