Людзі! Крытыкі крытыкаў Сьвятланы Алексіевіч! (якіх амаль ніхто ня бачыў, але якіх усе актыўна ганяць). Няўжо вы не разумеце, што заўтра можаце аказацца на іхнім месцы?

Сёньня Сьвятлана сказала штосьці, што не спадабалася нейкім людзям (дуракам, нацыяналістам, белаваце, як іх ужо абазвалі), і яны гэта асьцярожна выказалі. Але ж заўтра яна скажа нешта, што актыўна не спадабаецца вам!

Заўтра Сьвятлана зноў выкажа сваё захапленьне Караткевіч, і можа нават падтрымае яе і Дзьмітрыева на парламэнцкіх выбарах. Што будзе казаць Хартыя, што напіша Ірына Халіп і Мікалай Халезін з гэтай нагоды? Назавеце яе агентам КДБ — як усіх, хто ідзе на выбары, а тым больш ад «Гавары праўду»?

Ці яна выкажацца за мігрантаў у Эўропе, і магчыма, нават падтрымае «справядлівую барацьбу палестынскага народу» ( а гэта мне здаецца вельмі верагодным, улічваючы яе левыя погляды). Што скажуць прыхільнікі Ізраілю і прынцыпу «Эўропа памірае з-за мігрантаў»?

Людзі, якія гадамі клянуцца, што не прызнаюць аўтарытэтаў, сёньня гатовыя маліцца на кожны гук афіцыйна прызнанага міжнароднай супольнасьцю (ну так, для некаторых гэта ж самае важнае!) аўтарытэта. Людзі, якія гадамі сьмяяліся з зацятых КХПістаў — сёньня паводзяць сябе як нейкія анекдатычныя КХПісты ў квадраце, затыкаючы рот усім, хто «пасягнуў на сьвятое».

Няўжо нельга спакойна ўспрыняць формулу – так, Нобэлеўская лаўрэатка нікому з нас нічога не павінна (хаця грамадзкую адказнасьць за свае словы яна нясе большую, чым любы іншы чалавек), але і мы не абавязаныя ва ўсім супадаць зь ёй. У кожнага з нас свае погляды і прынцыпы, і так неяк атрымаліся, што яны могуць не супадаць з поглядамі лаўрэатаў, прэзыдэнтаў, царкоўных ерархаў і кампутарных геніяў. Ці гэта прычына іх не выказваць? Няўжо цяжка зразумець, што сёньня вы зацята «крытыкуеце крытыкаў», — але ж заўтра (калі вы рэальна маеце нейкія ўласныя погляды) абавязкова апынецеся на іхнім месцы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?