« Я ведаю, што былі затрыманыя 2 журналісты газэты «Наша Ніва» [Сямён Печанко і Андрэй Лянкевіч -- НН], але калі журналісты ўдзельнічаюць у несанкцыянаванай акцыі і аказваюць супраціў міліцыі, то яны, як і звычайныя грамадзяне павінны несьці адказнасьць», цытуе словы міністра Інтэрфакс.
***
Калегі карэспандэнтаў, якія былі побач зь Сямёнам Печанко і Андрэем Лянкевічам, сьведчаць пра адваротнае.
***
Я зьяўляюся карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Мне было даручана асьвятляць акцыю 25 сакавіка ў Менску.
Прыкладна а 18.40 я знаходзіўся каля моста празь Сьвіслач па праспэкце Незалежнасьці з боку Дому‑музэю РСДРП. Недалёка ад мяне знаходзіўся карэспандэнт газэты «Наша Ніва» Сямён Печанко. Ён фатаграфаваў групу дэманстрантаў. У яго на вопратцы было прымацаванае пасьведчаньне журналіста.
Ніякіх лёзунгаў ён не выкрыкваў. У руках у яго не было ніякіх сьцягоў і не было ніякай сымболікі. Ягоныя рукі былі занятыя фотаапаратам.
***
Я 25 сакавіка 2008 году на заданьне рэдакцыі газэты «Белорусы и рынок», супрацоўнікам якой зьяўляюся, рыхтаваў рэпартаж пра сьвяткаваньне Дня Волі. Гэтае мерапрыемства асьвятлялі мноства беларускіх і замежных карэспандэнтаў. Сярод іх быў і журналіст «Нашай Нівы» Сямён Печанко, якога я добра ведаю ўжо некалькі гадоў. Ён меў пры сабе пасьведчаньне, прымацаванае да курткі. І як іншыя, рабіў сваю працу: фатаграфаваў, назіраў, размаўляў зь людзьмі. Лёзунгаў і заклікаў не выкрыкваў, сьцягоў і транспарантаў пры сабе ня меў. Ведаю яго як чалавека спакойнага, нават флегматычнага. І таму не ўяўляю зь ягонага боку якіх бы ні было агрэсіўных дзеяньняў.