«Камітэт па абароне журналістаў устрывожаны перасьледам беларускімі ўладамі незалежных журналістаў у апошні час, — паведамляецца ў распаўсюджанай арганізацыяй заяве. — Беларускі КДБ правёў шэраг ператрусаў у офісах незалежных журналістаў радыё і ў кватэрах болей тузіну журналістаў. Два журналісты былі затрыманыя і зьбітыя ў аўторак падчас акцыі.

У аўторак апанэнты прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі наладзілі масавую маніфэстацыю ў Менску, каб ушанаваць 90-ю гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі. Міліцыя жорстка разагнала марш і арыштавала каля 100 удзельнікаў, сярод якіх было прынамсі 4 журналісты.

Карэспандэнты незалежнага штотыднёвіка «Наша Ніва» Сямён Печанко і Андрэй Лянкевіч былі зьбітыя і затрыманыя падчас вядзеньня онлайн рэпартажу. Абодва журналісты мелі на сабе прэс-карты і нашаніўскія пасьведчаньні, на якія міліцыя не зьвярнула ўвагі. Суд Маскоўскага раёну Менску абвінаваціў Печанка ў парушэньні адміністратыўнага кодэксу і прыгаварыў да 15 сутак арышту — рашэньне вынесенае на працягу аднаго судовага паседжаньня».

«Мы неверагодна ўстрывожаныя такім рэзкім ціскам на ўсю незалежную прэсу ў Беларусі, — кажа выканаўчы дырэктар CPJ Джоэл Сайман. — Мы заклікаем улады датэрмінова выпусьціць Сямёна Печанка, зьняць абвінавачаньне з Андрэя Лянкевіча і вярнуць усё канфіскаванае абсталяваньне іншым перасьледаваным журналістаў. Незалежнай прэсе мусяць дазволіць даносіць навіны людзям Беларусі і сьвету бяз страху пра пакараньне».

* * *

Міжнародны камітэт па абароне журналістаў — гэта незалежная, некамэрцыйная арганізацыя, з цэнтрам у Нью-Ёрку, якая працуе дзеля аховы свабоды прэсы ва ўсім сьвеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0