10.12.2015 / 17:31

Мінгандлю ўвяло мараторый на рост цэн у навагодні перыяд 3

Міністэрства гандлю Беларусі ўвяло мараторый на рост цэн, паведаміла сёння журналістам начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Віялета Бразоўская.

Мінгандаль прадпісаў галіновым міністэрствам, канцэрнам, абласным і Мінскаму гарадскому выканкамам аб'явіць мараторый на павелічэнне адпускных і рознічных цэн на спажывецкія тавары ў перадсвяточныя і святочныя дні. За невыкананне парадку цэнаўтварэння, а таксама заканадаўства аб гандлі (рэалізацыя пратэрмінаваных або няякасных тавараў, невыкананне рэжыму работы аб'екта, асартыментнага пераліку, падман пакупнікоў і г.д.) да парушальнікаў будуць прымацца адпаведныя меры.

Віялета Бразоўская інфармавала, што напярэдадні навагодніх свят прадпрыемствы галіны запланавалі правесці больш як 1 тыс. кірмашоў і больш за 4 тыс. выставак-продажаў, дэгустацый, распрадаж тавараў.

Кандытарскія арганізацыі краіны (фабрыкі «Спартак», «Камунарка», «Чырвоны харчавік») у перыяд навагодняй кампаніі плануюць вырабіць 1,7 млн штук падарункаў больш як 50 відаў. Яны будуць расфасаваны ў баулы вагой ад 300 г да 3 кг, іх адпускныя цэны — ад Br40 тыс. да Br400 тыс. «Па стане на канец лістапада кандытарскія арганізацыі вырабілі 1,2 млн штук навагодніх падарункаў, адгружана ўжо амаль у 2,5 раза больш у параўнанні з мінулым годам», - праінфармавала прадстаўнік ведамства.

Павялічаны ў бягучым годзе і аб'ёмы паставак у гандлёвую сетку шампанскага. «Пастаўлена ўжо больш за 2,5 млн бутэлек - на 10 працэнтаў больш», — удакладніла Віялета Бразоўская. У асартыменце больш як 30 найменняў шампанскага і 17 найменняў пеністых він. Цана на напіткі складае ад Br38 тыс. (ёмістасць 0,375 л) да Br120 тыс. (1,5 л).

Адносна цэн на плодаагароднінную прадукцыю кіраўнік упраўлення паведаміла, што Мінскі парнікова-цяплічны камбінат рэалізуе агуркі па адпускной цане Br40 тыс. за 1 кг, прадпрыемства «ДарОрс» пастаўляе клубніцы па адпускной цане Br100 тыс. за 1 кг. «Асноўныя імпарцёры фруктаў запэўнілі, што праблем з фруктамі імпартнай вытворчасці не будзе, сітуацыя стабільная. Так, адпускная цана на бананы складае ад Br16,5 тыс. за 1 кг», — сказала Віялета Бразоўская.

Яна таксама звярнула ўвагу на пытанні афармлення ў магазінах цэн і скідак у пераднавагоднія дні. «Скідка ўстанаўліваецца ад рознічнай цаны. Ні ў якім разе не ад гандлёвай надбаўкі. Гэта вельмі важна для спажыўцоў, якія павінны атрымліваць дакладную інфармацыю аб скідцы», — падкрэсліла начальнік упраўлення. Інакш кажучы прадавец можа аформіць цэннік, закрэсліўшы старую цану і выставіўшы новую і ўказаўшы працэнт, або пазначыць кошт, які эканоміць пакупнік. Акрамя таго, пры размяшчэнні скідак на вітрынах магазінаў трэба пазначаць ніжнюю мяжу скідак - напрыклад, скідка ад 10 працэнтаў да 70 працэнтаў. «Інфармацыя па скідках павінна быць дакладнай і не ўводзіць у зман пакупнікоў аб памеры і аб тым асартыменце, на які даецца скідка», — дадала Віялета Бразоўская.

0
Э / Адказаць
10.12.2015 / 18:56
На тым тыдні павысілі на гэным увялі мараторый
0
Лявон / Адказаць
10.12.2015 / 22:09
НЕ ВЕРУ І НЕ ПАВЕРУ! Амаль,што кожны дзень у крамах кошты таварау павялічваюцца! МОЖА ХОПІЦЬ ЗЬДЗЕКВАЦЦА ЗЬ НАРОДЦА ЧЫНОУНІКІ? НЕ НАДАКУЧЫЛА? Беларус кажа: Прыдзе час калі спытаюць, што добрага зьрабіу для НАРОДЦА? НЕ РАБІ ЛІХОГА І НЕ БОЙСЯ НІКОГА! РАБІ ЛЮДЗЯМ ДАБРО, А НЕ ЗЬЛО!
0
Гость / Адказаць
11.12.2015 / 08:44
Валюта в обменниках не подорожает ?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру