Цырымонія афіцыйнага адкрыцця ганаровага консульства Грэчаскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь адбылася 10 снежня ў Мінску. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, генеральны сакратар МЗС Грэцыі Дзімітрыяс Параскевопулас, пасол Беларусі ў Балгарыі і Грэцыі па сумяшчальніцтве Уладзімір Варанковіч і пасол Грэцыі ў Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Данаі-Магдаліні Куманаку. 

Сярод гасцей мерапрыемства былі прадстаўнікі еўрапейскіх дыпламатычных місій, пасольстваў краін СНД у Беларусі, грэчаскай абшчыны. 

У прывітальным слове Дзімітрыяс Параскевопулас выказаў радасць наконт вяртання грэчаскага прадстаўніцтва ў Мінск пасля дзесяцігадовага перапынку. «Аднаўленне нашай працы тут даказвае пашырэнне і паглыбленне нашай прысутнасці на беларускай змялі і адначасова дэманструе жаданне ўрада Грэцыі ў збліжэнні адносінаў з Беларуссю, — сказаў ён. — Я перакананы, што ганаровае консульства ў Мінску будзе прасоўваць яшчэ большае, на ўзроўні інстытутаў, двухбаковае супрацоўніцтва ў галінах гандлю, эканомікі, адукацыі, навукі і культуры». 

Параскевопулас адзначыў, што Грэцыя па-ранейшаму застаецца адным з самых папулярных турыстычных напрамкаў для мільёнаў турыстаў, у тым ліку і беларускіх, якія «хочуць атрымліваць задавальненне ад яе прыгажосці ва ўмовах бяспекі і стабільнасці». «У гэтай сувязі, я лічу, галіна турызму павінна стаць галоўным звяном супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі з мэтай эканамічнага і культурнага абмену», — сказаў генсакратар МЗС Грэцыі. 

Ён падкрэсліў, што вяртанне афіцыйнага грэчаскага прадстаўніцтва ў Беларусь адбылося ў перыяд, калі «Грэцыя і ўся Еўропа сутыкаюцца з сур'ёзнымі выклікамі і важнымі праблемамі эканамічнага і міграцыйнага характару і раздзяляюць іх». «Грэцыя працягвае верыць у адзінства еўрапейскай прасторы, культуры, а з Беларуссю і ў адзінства праваслаўнай веры, — сказаў дыпламат. — Нашы народы разам гераічна ваявалі ў Другой сусветнай вайне з велізарнымі стратамі, у нас адны грамадскія і сямейныя каштоўнасці». 

Алена Купчына ў сваю чаргу сказала: «У Беларусі вельмі добра ведаюць і любяць Грэцыю, краіну з багацейшай гісторыяй і культурай, маляўнічай прыродай, гасцінным народам, з якім нас сапраўды звязваюць моцныя сувязі і, перш за ўсё, рэлігійная агульнасць. Мы вельмі радыя рашэнню ўрада Грэцыі аднавіць з намі дыпламатычныя адносіны і спадзяемся, што гэта сведчанне таго, што паміж нашымі дзяржавамі сапраўды існуюць сур'ёзныя адносіны і адкрываюцца новыя перспектывы ў розных сферах, і, вядома, у падтрыманні палітычнага дыялогу паміж намі». 

Купчына павіншавала буйнога беларускага бізнесмена з грэчаскімі і грузінскімі каранямі Паўла Тапузідзіса, які прызначаны ганаровым консулам Грэцыі.

Ганаровае консульства Грэцыі знаходзіцца па адрасе: пр-т Пераможцаў, 65, у будынку гандлёвага цэнтра «Замок», і фактычна працуе з чэрвеня гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?