У Мінску здзіўлены заяве пра тое, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС гатова да падпісання. Пра гэта ў інтэрв'ю РІА Новости  паведаміла намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. 

Пра тое, што тэксты пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі паміж Беларуссю і ЕС гатовы да парафіравання і падпісання, заявіў журналістам дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд падчас свайго візіту ў Мінск 9 снежня. Паводле яго слоў, адзінай перашкодай з'яўляецца тое, што дыпламатычныя пашпарты ў Беларусі пакуль не адпавядаюць тым «высокім патрабаванням у сферы бяспекі», якія павінны прад'яўляцца нароўні са звычайнымі пашпартамі беларускіх грамадзян». «Гэта іх бачанне сітуацыі. Для нас гэта інфармацыя была дастаткова дзіўнай», — заявіла Купчына. Паводле яе слоў, яшчэ зусім нядаўна тэкст пакетнай дамоўленасці быў далёкі ад гатоўнасці да падпісання. «Калі пра гэты пакет размова ішла перад рыжскім самітам, то ён быў не гатовы да падпісання, а тут найвышэйшая ступень гатоўнасці», — сказала намеснік міністра. 

Яна, у прыватнасці, адзначыла праблемы з пагадненнем аб рэадмісіі, якое павінна быць падпісана пакетна з вышэйзгаданым дакументам. «Пагадненне аб рэадмісіі, якое ідзе пакетам з пагадненнем аб аблягчэнні візавага рэжыму, таксама мае шэраг пытанняў. Нам не дадзены пераходны перыяд для імплементацыі палажэнняў пагаднення, а ён нам неабходны, таму што ў нас проста няма дастатковай інфраструктуры для ўтрымання грамадзян трэціх краін, што падлягаюць рэадмісіі», — сказала Купчына. 

Паводле слоў намесніка міністра, шэрагу іншых краін, з якімі ЕС падпісваў пагадненне аб рэадмісіі, пераходны перыяд быў дадзены, у тым ліку Расіі, Турцыі, Украіне. 

Над пагадненнем аб аблягчэнні візавага рэжыму Беларусь і ЕС працуюць ужо некалькі гадоў. У маі гэтага года пасля саміту Усходняга партнёрства ў Рызе кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей заявіў, што пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі не былі парафіраваныя ў межах форуму не па віне Беларусі. Паводле яго слоў, беларускі бок па просьбе еўрапейскіх партнёраў нават пачаў працэдуру ўнутранага ўзгаднення гэтых дакументаў для таго, каб узважыць, наколькі яны адпавядаюць нацыянальным інтарэсам. «Але на якімсьці этапе нашы партнёры знайшлі нейкія тэхнічныя зачэпкі, якія не дазволілі нам выйсці на парафіраванне гэтых пагадненняў на гэтым саміце, таму мы працягваем працаваць над імі, дамовіліся, што эксперты будуць сустракацца. Паверце, гэта абсалютна не па нашай віне», — падкрэсліў Макей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?