Экстрэмісты з групоўкі «Ісламская дзяржава» зарабілі больш за 500 мільёнаў даляраў на продажы нафты, заявіў у пятніцу Адам Зубін, намеснік міністра фінансаў ЗША, які адказвае ў ведамстве за барацьбу з тэрарызмам і фінансавую выведку.

У адрозненне ад астатніх груповак, прызнаных тэрарыстычнымі, ІД не залежыць ад фінансавання з боку міжнародных спонсараў, а сама «зарабляе» грошы, падкрэсліў ён.

«Асноўным кліентам» ІД з'яўляецца ўрад прэзідэнта Сірыі Башара Асада, сказаў Зубін у інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Паводле яго слоў, мяркуючы па ўсім, продаж нафты рэжыму Асада, а таксама кліентам у Турцыі прыносіць баевікам каля 40 мільёнаў даляраў у месяц.

«Абодва бакі спрабуюць знішчыць адзін аднаго і адначасова гандлююць адзін з адным на мільёны і мільёны даляраў», — сказаў чыноўнік амерыканскага ведамства.

Акрамя таго, паводле дадзеных ЗША, групоўка «Ісламская дзяржава» скрала каля мільярда даляраў з банкаў на падкантрольнай ім тэрыторыі.

Паводле вынікаў даследавання, праведзенага брытанскай кансалтынгавай кампаніяй IHS, ІД «зарабляе» каля 80 мільёнаў даляраў у месяц, у асноўным ад продажу нафты. Акрамя таго, групоўка атрымлівае грошы ад падаткаў, што спаганяюцца на падкантрольнай ёй тэрыторыі, а таксама ад нелегальнага гандлю прадметамі даўніны, продажу электраэнергіі, выкраданняў людзей і проста рабавання.

Кааліцыя, якую ўзначальвае ЗША, наносіць авіяўдары па пазіцыях ІД, у тым ліку і па нафтапрамысловых аб'ектах у Сірыі і Іраку. Не так даўно сілы кааліцыі прыступілі да кампаніі пад кодавай назвай «Прыліўная хваля-2», у рамках якой яны наносяць масіраваныя ўдары па нафтарадовішчах, нафтаперапрацоўчых заводах і танкерах на тэрыторыі, падкантрольнай ІД.

Кааліцыя лічыць адной са сваіх мэтаў адрэзаць ІД ад крыніц даходаў, сказаў Зубін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?