Паводле апошніх дадзеных, 21 чалавек загінуў у выніку пажару ў адным з карпусоў Варонежскага псіханеўралагічнага інтэрната ў вёсцы Алфераўка Новахаперскага раёна.
«У цяперашні час ужо выяўленыя 19 загінулых, уключаючы дваіх памерлых па дарозе ў бальніцу, вядуцца пошукі яшчэ двух загінулых», — паведамілі Інтэрфаксу ў цэнтральным рэгіянальным цэнтры МНС Расіі.
Усе загінулыя былі пацыентамі. У корпусе псіханеўралагічнага дыспансэра знаходзіліся 74 чалавекі, у тым ліку чатыры медыцынскія работнікі і 29 ляжачых хворых.
Моцны пажар узнік познім вечарам у суботу, 12 снежня. Пажарныя змагаліся з агнём больш за чатыры гадзіны.
Паведамляецца, што будынак плошчай 600 кв. м згарэў цалкам. У тушэнні пажару бралі ўдзел больш за 270 чалавек і 50 адзінак тэхнікі.
У якасці асноўнай прычынай пажару разглядаецца няспраўнасць у электраабсталяванні. Разглядаецца і версія аб неасцярожным абыходжанні з агнём каго-небудзь з пацыентаў або персаналу.
Пажары ў псіхбальніцах ў Расіі - з'ява нярэдкая. У верасні 2013 года ў выніку пажару ў псіхіятрычным шпіталі пад Ноўгарадам загінулі 37 чалавек, а ў красавіку таго ж года пажар у псіханеўралагічнай клініцы ў падмаскоўным Раменскім забраў жыцці 38 чалавек.