29 красавіка – дзень народзінаў Міколы Ермаловіча, гісторыка й публіцыста, нястомнага рупліўца беларушчыны. Ягоныя працы ў значнай ступені паўплывалі на фармаваньне сучаснае грамадзкае думкі і гістарыяграфіі Беларусі. Паводле палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы Ермаловіча не маглі зьяўляцца ў афіцыйным друку. Таму ягоныя рукапісы ў 1970-1980-х абарачаліся ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкі памнажалася праца «Па сьлядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяваньне Беларусі?». Былі выпадкі, калі самвыдавецкі памнажаліся працы Ермаловіча, апублікаваныя і ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы «Балцкія плямёны» (газэта «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыраўся ягоны артыкул «У духу застойнага часу». Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча работнікі КГБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». У 1970 г. выйшла ягоная кніга «Дарагое беларусам імя». Гістарычныя творы Міколы Ермаловіча збольшага ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам. Толькі з часоў перабудовы сьвет пабачылі некалькі Ермаловічавых працаў: у 1989 г. - кніга «Па сьлядах аднаго міфа», у 1990 г. - гістарычнае даследаваньне «Старажытная Беларусь».. Ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992), прэмію імя Ў.Караткевіча, узнагароджаны мэдалём Ф.Скарыны (1993). Мікола Ермаловіч трагічна загінуў 4 сакавіка 2000 г. у Менску. Заўтра, а 17.00 адбудзецца ўрачыстасьць, прысьвечаная памяці Міколы Ермаловіча ў Чырвоным касьцёле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0