Дзяўчынка гадоў васьмі трымае ў руках лампадку, яна прыйшла сёння да Чырвонага касцёла з мамай і татам. «Мы пойдзем з працэсіяй ў «катэдру», бо там сёння будуць адчыняць браму міласэрнасці», — распавядае дзіця. Сёння католікі Беларусі з'язджаліся ў найбуйнейшыя храмы, дзе ўпершыню ў гісторыі адкрываліся Святыя брамы. Людзі вераць: прайшоўшы праз Браму міласэрнасці, можна атрымаць індульгенцыю — пазбаўленне ад часовай кары.

Святыя брамы адкрылі сёння ў буйных каталіцкіх храмах Беларусі. У сталіцы вернікі сабраліся апоўдні ля касцёла святых Сымона і Алены. Службу перад Чырвоным касцёлам правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Няхай наша малітва, наша працэсія далучаецца да ўсіх працэсій Беларусі. У гэтыя гадзіны ідуць да катэдраў вернікі розных гарадоў, а таксама яднаймася з усімі вернікамі свету, на ўсіх кантынентах, ад аднаго полюса да другога. Вернікі кіруюць свае крокі да катэдраў, базылік і санктуарыяў, — звярнуўся да вернікаў кіраўнік рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.

Перад касцёлам слухалі яго сотні людзей. Спыняліся, назіраючы за тым, што адбываецца, і простыя мінакі.

Мінчанка Наталля — каталічка, аднак шмат пра тое, што адбываецца распавесці не можа, кажа, што прыйшла «дакрануцца», пабыць часцінкай свята. Жанчына тлумачыць:

— Гады майго станаўлення патрапілі на час, калі рэлігія была забароненая. І зараз, каб душой пранікнуцца глыбока — трэба час, напэўна. У касцёл я хаджу па вялікіх святах, чагосьці яшчэ не хапае. Але я разумею, што духоўнасць гэта важна. Калі мы, кожны, на сваім месцы, не зробім дрэннага таму, хто стаіць побач — усё будзе добра. Разумееце, быць добрым для ўсіх - гэта лёгка, а вось быць добрым для кагосьці — гэта куды складаней …

Мінчанка Яна прыйшла сюды з дачкой Машай і мужам Сашам. Жанчына распавядае, з якой надзеяй:

— Мы прыйшлі, каб мець надзею трапіць на неба, каб пазбегнуць часавай кары, бо спадзяемся: Пан Бог зберажэ нашу сям'ю, усіх нашых блізкіх, родных, усіх людзей, пра якія мы молімся. Сёння асаблівым чынам молімся аб усіх, каму патрэбна малітва, пра тых, пра каго ніхто не моліцца. Мы спадзяемся, што брамы міласэрнасці, праз якія сёння пройдзем, стануць для нас варотамі надзеі, любові, брамамі, якія прывядуць нас у жыццё сапраўднае, вечнае.

Прайсці праз Святыя вароты азначае атрымаць індульгенцыю.

— Калі мы ідзем на споведзь кожны раз, мы атрымліваем прабачэнне за нашы грахі, аднак не пазбаўляемся ад кары, якую будзем адчуваць пасля смерці фізічнай, — тлумачыць Яна. — Калі ты праходзіш праз «браму міласэрнасці», гэта дае надзею на тое, што пасля смерці фізічнай апынемся адразу ў раі і пазбегнем кары. Падзея ўнікальная і важная: брама міласэрнасці звычайна адкрываецца толькі ў Ватыкане, і то раз у 25 гадоў. Але паколькі абстаноўка напружаная ў свеце цяпер, было вырашана адкрыць браму міласэрнасці праз 15 гадоў, не чакаючы прызначанай раней даты …

Каб атрымаць індульгенцыю, трэба прайсці некалькі абрадаў. Напрыклад, сям'я Яны сёння з раніцы паспела паспавядацца, прыняць удзел у святой службе, памаліцца ў інтэнцыі святога айца.

Мінчанка Тэрэса прывезла ў Чырвоны касцёл на службу сваю маму. Ядвізе Байдак — 88 гадоў, яна плача, тлумачачы, што прыехала ў Мінск з Гудагая, што ў Гродзенскай вобласці:

- У працэсіі не змагу прайсці, мне ўжо многа гадоў. А прыехалі на імшу, сёння ж міласэрнасць Езуса і маткі Боскай.

Ад Чырвонага касцёла вернікі накіраваліся ў архікатэдральны сабор Найсвяцейшай Панны Марыі, што на плошчы Свабоды. Людзі ішлі па цэнтральных вуліцах Мінска і спявалі «ў імя Хрыста», як заклікалі святары. Супрацоўнікі АМАПа сачылі за тым, як рухаецца працэсія, не абышлося і тут без людзей у цывільным, якія запісвалі на відэа тое, што адбываецца, стоячы на ходніках.

Папа Францішак адкрыў Святую браму 8 снежня ў Ватыкане. Гэты дзень стаў пачаткам Юбілейнага Года Міласэрнасці, які доўжыцца да 20 лістапада 2016 года. У мінулы раз «брама міласэрнасці» адкрывалася ў 2000 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?