Студэнты Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны, якія падтрымалі ідэю адклікання дэпутата Аляксандра Шаўко, вымушаны былі напісаць тлумачальныя.

Кампанія па адкліканні дэпутата была арганізавана мясцовымі прадстаўнікамі аб'яднаных дэмакратычных сіл. Яе ініцыятары палічылі, што А. Шаўко, прагаласаваўшы ў парламенце за адмену сацыяльных ільгот, не выканаў сваіх перадвыбарных абяцанняў па абароне інтарэсаў выбаршчыкаў.

Як паведаміў БелаПАН актывіст гомельскай дэмакратычнай кааліцыі Пётр Кузняцоў, свае прозвішчы пад патрабаваннем адклікаць дэпутата паставілі 60 студэнтаў. Копія спіса з прозвішчамі паступіла ва універсітэт з Гомельскага гарвыканкама.

28 сакавіка гэтыя студэнты былі выкліканы на гутарку з дэканам філалагічнага факультэта. "Іх прымусілі напісаць тлумачальныя, чаму яны ўдзельнічалі ў кампаніі па адкліканні дэпутата", — расказаў П.Кузняцоў. Ён лічыць, што гэта было зроблена па ўказанні гарадскіх ідэолагаў з мэтай "прыструніць палітычна ненадзейных студэнтаў". "Пакуль невядома, ці будуць прыменены нейкія рэпрэсіўныя дзеянні супраць тых, хто выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, паставіўшы подпіс за адкліканне дэпутата", — зазначыў П.Кузняцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?