Мікола Купава, ураджэнец Оршы, вырашыў зрабіць падарунак установе культуры. Але яго спынілі на ўваходзе.

Разам з Міколам Купавам прыйшлі яшчэ некалькі чалавек — журналістаў і ўдзельнікаў навуковай канферэнцыі, якая праходзіла ў Оршы. Супрацоўніца музея сказала, што прайсці да дырэктаркі ўсе прысутныя могуць толькі набыўшы квіткі па 20 тысяч рублёў. А следам тое самае паўтарыла і дырэктарка Ліна Гатоўская: маўляў, калі вы зайшлі ў музей, то мусіце заплаціць за ўваход.

Дарэчы, спадарыня Гатоўская загадзя ведала пра намер Міколы Купавы і была папярэджана пра ягоны візіт. Але нават тая акалічнасць, што ў музеі Уладзіміра Караткевіча зараз экспануецца выстава твораў мастака, не адыграла аніякай ролі. Дырэктарка сказала: экспазыцыі мы паказваем за грошы. І хаця глядзець выставу ні ў каго не было намеру, усім прысутным давялося ўсё ж заплаціць па 20 тысяч, каб трапіць у залу, дзе выстаўлены ілюстрацыі Міколы Купавы да твора Уладзіміра Караткевіча «Лебядзіны скіт»

Пасля гэтага атмасфера ўручэння падарункаў была не такая ўрачыстая, як меркавалася. Аднак дырэктарка музея, аніколькі не збянтэжыўшыся, прыняла ад Міколы Купавы лінарыты «Вязынка» і «Вострая брама». Падзякаваўшы, Ліна Гатоўская сышла ў свой кабінет. Уся імпрэза заняла не больш як 10 хвілін ейнага працоўнага часу.

Музей за гэты час атрымаў даход 300 тысяч рублёў за білеты. У дадатак да падарункаў ад мастака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?