Ініцыятары студэнцкіх пратэстаў «карыстаюцца нашай інтэлігентнасцю, нашым спакойным рэагаваннем на розныя выпады», заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў 14 снежня ў Палаце прадстаўнікоў на сустрэчы членаў маладзёжнага савета пры міністэрстве.

«Можа, нам трэба быць больш агрэсіўнымі», — сказаў міністр, каментуючы акцыю студэнтаў БДУ супраць увядзення ў ВНУ платных пераздач, якая прайшла 2 снежня ў Мінску. 

«Пытанні маладзёжнай палітыкі вельмі важныя, — падкрэсліў ён. — Апошнім часам ідзе гэта неспакойная абстаноўка ўсюды ў свеце, і ў нас у краіне, на жаль, гэта адбіваецца. Гэта гаворыць аб тым, што трэба надаваць больш увагі маладзёжнаму асяроддзю не толькі мерапрыемствамі культурна-забаўляльнага плана, прысвечанымі бытавым праблемам, але і незвычайна важныя цяпер пытанні, звязаныя з палітыкай, сацыяльнай сферай, у тым ліку працай у інтэрнэце». 

«Гэты рух незразумелы, які нібыта называецца «Студэнты супраць», але там студэнтаў фактычна няма. Вось як на яго рэагаваць і што нам рабіць, думаю, таксама варта падумаць аб гэтай праблеме», — заявіў Жураўкоў. 

На яго думку, у маладзёжным асяроддзі, у тым ліку студэнцкім, дастаткова развітая сацыяльная інфантыльнасць. «Гэта значыць вы мяне не кранайце, няхай хтосьці іншы робіць, але калі мне штосьці трэба, я буду патрабаваць: вы мне дайце, вы мяне забяспечце, я яшчэ крытыкую, я яшчэ і выкажу ў хамскай форме. Таксама трэба неяк на гэта рэагаваць», — сказаў міністр. 

Варта адзначыць, што перад пачаткам пасяджэння Жураўкоў адказаў адмовай на просьбу журналістаў пракаментаваць студэнцкія акцыі пратэсту, але закрануў гэту тэму падчас выступлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?