Вядомы расійскі музыкант Барыс Грабеншчыкоў прыняў удзел у Марафоне лістоў праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у рамках якога музыкант падпісаў петыцыі да ўладаў Расіі, ЗША, Сірыі, Сальвадора і Узбекістана з нагоды вызвалення зняволеных, чые працэсы праходзілі з сур'ёзнымі парушэннямі.

Грабеншчыкоў паставіў подпіс пад лістом да Генеральнага пракурора Расіі Юрыя Чайкі з заклікам «прыняць тэрміновыя меры і адмяніць прысуды» асуджаным па справе аб «крымскім тэрарызме» рэжысёру Алегу Сянцову, Аляксандру Кольчанку і Генадзю Афанасьеву. У лісце падкрэсліваецца, што ім трэба альбо прад'явіць належныя абвінавачванні, альбо вызваліць.

Сянцоў, Кольчанка і Афанасьеў былі затрыманыя супрацоўнікамі ФСБ у маі мінулага года. Па версіі следства, яны зладзілі падпал будынка «Рускай абшчыны Крыма» і мясцовага аддзялення «Адзінай Расіі», а таксама, па версіі следства, планавалі тэракты ў Крыме пасля далучэння да Расіі.

25 жніўня Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд прысудзіў Алега Сянцова да 20 гадоў строгага рэжыму, а крымскага актывіста Аляксандра Кольчанку да 10 гадоў калоніі. Самі яны абвінавачванні адкідаюць і не прызнаюць юрысдыкцыі суда.

У Amnesty International адзначаюць, што раней подпісы Грабеншчыкова «паскорылі выхад на свабоду траіх «балотных сядзельцаў» і калінінградскіх «вязняў сцяга»».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?